МІНСК, 13 вер – Sputnik. У сацыяльнай сетцы Facebook з'явіўся аўтаматычны пераклад на 24 новыя мовы, у тым ліку і беларускую.
У кампаніі паведамілі, што яны знайшлі эфектыўны спосаб палепшыць якасць сістэмы перакладу для пэўнага кірунку дыялекту — аб'яднаць яго з іншымі сумежнымі напрамкамі. Напрыклад, каб палепшыць пераклад з беларускай мовы на англійскую, на Facebook скарысталіся суадносінамі паміж беларускай і ўкраінскай мовамі і пабудавалі шматмоўную сістэму.
"Нашы мадэлі перакладу палепшыліся з пункту гледжання якасці, паколькі мы перайшлі да нейронных сетак, але да нядаўняга часу тэхнічныя праблемы перашкаджалі павялічваць колькасць моў, на якіх мы працуем", — паведамілі ў кампаніі.
Раней галоўная праблема з аўтаматычнымі перакладамі была ў тым, што ў кампаніі не хапала рэсурсаў для навучання сістэмы, каб хутка рабіць пераклады, якія адпавядалі бы сэнсу выказвання.
"Сёння мы з гонарам можам падзяліцца вынікамі гэтых намаганняў і абвясціць, што мы дадалі 24 новыя мовы ў нашы службы аўтаматычнага перакладу", — паведамілі распрацоўшчыкі.
У гэты спіс, акрамя беларускай, увайшлі ўрду, няпальская мова, мангольская, сербская, самалійская, суахілі і іншыя.
У дадзены момант Facebook выконвае пераклады на 4 504 моўныя напрамкі (пары моў, паміж якімі робіцца пераклад, напрыклад, з англійскай на беларускую).