МІНСК, 18 вер — Sputnik. Спецыяльна для Аляксандра Лукашэнкі правялі прэзентацыю зімовай тэхнікі, спартыўных прыладаў і інструментаў, вырабленых у Беларусі.
Прэзідэнту паказалі ратраки беларускай вытворчасці або, прасцей кажучы, спецыяльныя трактары, якія робяць больш шчыльным снег і падрыхтоўваюць лыжныя трасы.
Кіраўніку дзяржавы рапартавалі аб усіх перавагах ратракаў, зробленых на МТЗ. Прычым лакалізацыя дэталяў дасягнута на ўзроўні ад 32% да 59%. Праўда, беларускія вытворцы абяцаюць, што ў выпадку серыйнай вытворчасці яна дасягне 75-100% у залежнасці ад мадэлі.
"Галоўнае, каб гэта ўсё было беларускае. Не абавязкова рабіць на МТЗ. Да наступнай зімы гэта павінен быць чыста беларускі ратрак, гэта не праблема. Самае складанае ў вас ёсць: энергетычны сродак, кабіна, кіраванне. А ўсё астатняе — гэта элементарна", — цытуе экспертнае меркаванне Аляксандра Лукашэнкі БелТА.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паставіў задачу перад распрацоўнікамі тэхнікі спачатку забяспечыць усім неабходным беларускіх лыжнікаў і біятланістаў. Ну, а ў наступным годзе такая тэхніка павінна стаць ужо чыста беларускай.
Крытыцы з боку прэзідэнта падвергліся стваральнікі снегагенератара, які апынуўся беларускім толькі напалову.
"Тут няма на што тады глядзець. Калі вы будзеце мець такую лакалізацыю па снежных гарматах, то што тут размаўляць…" — пракаментаваў беларускі лідар.
На суд прэзідэнта, які сур'ёзна захапляецца лыжным спортам, прадставілі і айчынныя лыжы і лыжаролеры, мацаванні, лыжныя палкі і мазі.
Не абышоў бокам Лукашэнка і беларускія піяніна, гітары, цымбалы, балалайкі і баян.
Прадэманстравалі кіраўніку дзяржавы і першую беларускую скрыпку ручной работы — усяго крыху больш за месяц спатрэбілася дэкану факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва БДУКМ Аляксандру Сурбе для яе стварэння. Пры гэтым майстар выкарыстаў клён, елку і чырвонае дрэва.