Парламенцкія слуханні па праблемах адукацыі могуць і не адбыцца

© Sputnik / Виктор ТолочкоПалата прадстаўнікоў нацыянальнага Сходу
Палата прадстаўнікоў нацыянальнага Сходу - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Спешка ў пытаннях змены Кодэкса аб адукацыі недарэчная, упэўнены спікер ніжняй палаты парламента.

МІНСК, 19 вер — Sputnik. Пытанне правядзення парламенцкіх слуханняў па тэме адукацыі застаецца адкрытым, заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

Праца над змяненнем Кодэкса аб адукацыі вядзецца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. Парламенцкія слуханні па праблемах сферы хацелі правесці яшчэ ўвосень 2017-га, аднак пазней адмянілі. Новая рэдакцыя Кодэкса пакуль у парламент не ўнесена. Невядома і тое, ці пройдуць слуханні па тэме.

"Пакуль гэта пытанне застаецца адкрытым. Калі памятаеце, паўгода таму праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўжо выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Парламентарыі, дарэчы, актыўна падключыліся да гэтага працэсу. Дакумент выклікаў шырокі водгук. І асобныя прапановы паступаюць да гэтага часу. Усе яны павінны быць дэталёва прааналізаваныя, а для гэтага Міністэрству адукацыі патрабуецца час", — заявіў Андрэйчанка ў інтэрв'ю БелТА.

Як падкрэсліў спікер ніжняй палаты беларускага парламента, адукацыя — "стратэгічны рэсурс і вельмі далікатная сфера". Вынікі прынятых рашэнняў, па яго словах, можна будзе адэкватна ацаніць толькі праз два дзесяцігоддзі.

"Таму спешка ў такой адказнай справе недарэчная, лепш сем разоў адмераць. Давайце ўсё ж дачакаемся афіцыйнага ўнясення законапраекта ў Палату прадстаўнікоў, і тады ўжо сваё слова скажуць дэпутаты. У любым выпадку магу сказаць, што працу над ім мы будзем весці максімальна адкрыта", — паабяцаў Андрэйчанка.

На парламенцкіх слуханнях восенню мінулага года дэпутаты хацелі даведацца пра лёс ССНУ і ВНУ, а таксама гімназій. Планавалася закрануць цэлы спектр вострых для сферы пытанняў: ад дашкольнай да адукацыі пасля ВНУ.

Грамадскае абмеркаванне новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі выклікала ў мінулым годзе вялікі рэзананс. У Мінадукацыі абяцалі ўлічыць заўвагі і прапановы грамадзян і спецыялістаў. Падрабязнасцяў усіх змен сістэмы чыноўнікі не называюць.

Стужка навiн
0