МІНСК, 19 вер – Sputnik. Дзевяць фотаздымкаў графа Бенедыкта Генрыка Тышкевіча выстаўленыя на продаж на літоўскім аўкцыёне ARS VIA aukcionas.
Усяго на продаж выстаўлена 9 фотаздымкаў, у тым ліку фота, якое падпісана "Сяляне. Вяла (Беларусь), 1893, верасень". Кошт гэтага фотаздымка пачынаецца ад 2000 еўра і, па меркаванні аўкцыяністаў, можа дасягнуць трох тысяч.
Аўкцыён адбудзецца 27 верасня.
Граф Бенедыкт Тышкевіч нарадзіўся непадалёк ад Вільнюса ў 1852 годзе. Яго бацькі рана пайшлі з жыцця, і хлопчыка гадаваў дзядзька. Калі юнак дасягнуў поўналецця, ён атрымаў вялікую спадчыну, якая дазволіла яму шмат падарожнічаць і займацца любімым хобі – фатаграфіяй.
Граф Тышкевіч падарожнічаў па Еўропе, Амерыцы, Дальнему Усходу і Афрыцы і са сваіх падарожжаў прывозіў фотаздымкі, шмат з якіх, нажаль, згубіліся потым падчас Другой сусветнай вайны, калі была знішчана яго фотастудыя ў Парыжы.
Часта бываў граф і ў Беларусі, дзе ў яго была маёмасць, і рабіў шматлікія здымкі прыроды і жыхроў нашай краіны.
Фота графа Тышкевіча выстаўляліся ў 1876 годзе на Сусветнай выставе ў Філадэльфіі, на выставах у Парыжы, Берліне, Варшаве і Вільні.
Зараз фатаграфіі графа Тышкевіча захоўваюцца ў прыватных калекцыях, а таксама музеях і архівах Літвы і Польшчы. У 2009 годзе выставу копій фотаздымкаў Тышкевіча прывозілі ў Мінск.