МІНСК, 20 вер — Sputnik. Праўленне Нацыянальнага банка Беларусі вырашыла мадыфікаваць банкноты, паведамілі ў чацвер у прэс-службе рэгулятара.
Нацбанк плануе правесці невялікі рэдызайн беларускіх грошай. Асноўныя малюнкі на пярэднім і адваротным баках, а таксама колеравая гама і памеры банкнот не зменяцца.
Як растлумачылі ў прэс-службе рэгулятара, заказ асобных наміналаў мадыфікаваных банкнот і ўвод іх у абарот будуць ажыццяўляцца ў 2019 і 2020 гадах. Зроблена гэта будзе для падтрымання правільнай намінальнай будовы наяўных грошай у абароце і забеспячэння эканомікі дастатковай колькасцю купюр і манет.
Назвалі ў Нацбанку і змены, якія чакаюць беларускія грошы. Так, выявы архітэктурных збудаванняў на пярэдніх баках мадыфікаваных банкнот будуць прыведзены ў адпаведнасць з актуальным знешнім выглядам з указаннем назвы.
Цікава і тое, што на мадыфікаваных банкнотах больш не будзе подпіса кіраўніка праўлення Нацбанка — да гэтага часу на іх намалявана факсіміле подпісу Пятра Пракаповіча, які не кіруе рэгулятарам з 2011 года.
Выправяць і арфаграфічную памылку на купюры ў 50 рублёў: надпіс "ПЯЦЬДЗЕСЯТ" будзе выпраўлены на "ПЯЦЬДЗЯСЯТ".
Таксама на банкнотах будуць паказваць год планаванага выпуску — 2019-ы для пяці-і дзесяцірублёвых купюр і 2020 — для 20 і 50 рублёў. Для гэтага кроку спатрэбілася змена ва ўказе прэзідэнта — яна ўжо была ўнесена.
Беларусь правяла дэнамінацыю ў ліпені 2016 года: замест "старых" дзесяці тысяч рублёў быў уведзены рубель. Таксама ў краіне ўпершыню з'явіліся манеты — капейкі, а таксама наміналам у рубель і два рублі.