МІНСК, 1 кас — Sputnik. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка заняла рэкорднае для сябе 16-е месца ў сусветным рэйтынгу WTA, перадае Sputnik.
Беларуска дасягнула такога выніку пасля перамогі на тэнісным турніры катэгорыі "Прэм'ер" у кітайскім Ухане. У фінале Арына Сабаленка ўпэўнена абыграла эстонку Анет Кантавейт з лікам 6:3, 6:3. Перамога на турніры ва Ухане прынесла ёй больш за 470 тысяч долараў і дазволіла заняць радок вышэй у рэйтынгу WTA.
Сабаленка паднялася на тры пазіцыі і стала 16-й ракеткай свету. Гэта самы высокі вынік у кар'еры беларускай тэнісісткі на сённяшні дзень. Тры гады таму спартсменка была 548-й у сусветным рэйтынгу. Па выніках мінулага сезону яна займала 78-ы радок.
Значна паднялася ў рэйтынгу яшчэ адна беларуская тэнісістка Вера Лапко. Пасля таго, як яна дайшла да чвэрцьфіналу турніру ў Ташкенце, яна заняла 60-е месца ў сусветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.
Беларуска Аляксандра Сасновіч на сённяшні дзень займае 32-і радок рэйтынгу, а былая першая ракетка свету і Беларусі Вікторыя Азаранка займае 54-е месца.
Цяпер першы радок сусветнага рэйтынгу займае румынская тэнісістка Сымона Халеп, другі — датчанка Каралін Вазняцкі, трэцяй у рэйтынгу WTA стала нямецкая тэнісістка Ангеліка Кербер.