МІНСК, 2 кас — Sputnik. Экс-першая ракетка свету беларуска Вікторыя Азаранка знялася з турніра ў кітайскім Цяньцзіне, піша Tennis.Life.
Спаборніцтвы ў Цяньцзіне, прызавы фонд якіх амаль 627 тысяч долараў, стартуюць на будучым тыдні, 8 кастрычніка.
Нагадаем, раней 29-гадовая тэнісістка прапусціла турніры ва Ухане і Пекіне. На гэтым тыдні яна вярнулася ў ЗША. Журналісты бачылі яе ў заходнім Галівудзе, яна выходзіла з рэстарана.
21 верасня ў 1/4 фіналу турніру ў Токіа супраць італьянкі Камілы Георгі Азаранка не змагла завяршыць матч — спартсменка адчула боль у назе.
СМІ пішуць, што тэнісістка можа датэрмінова завяршыць сезон. А раней яна казала, што ёй патрэбна паўза, каб набрацца сіл і вярнуцца ў аптымальнай форме ў новым сезоне.