Спяваць і плакаць: як згуляць сапраўднае беларускае вяселле

© Sputnik / Алеся ШаршнёваСваты
Сваты - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Калі нявеста магла вынесці сватам гарбуз, навошта перад вяселлем ей абавязкова трэба было плакаць і чаму святочны каравай не магла пекчы ўдава?
Калі ўраджай быў сабраны, жыта на полі скошана, зерне змалочана ў муку, а агароды стаялі пустымі, у вёсках надыходзіў час вяселляў. Пакуль яшчэ трымалася добрае надвор'е, спяшаліся заспець апошнія цёплыя дзянькі.
Пра тое, якія вясельныя традыцыі існавалі ў беларусаў і што з іх захавалася на сённяшні дзень, карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок пагаварыла з малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Алёнай Паўлавай.

Раней вяселле гулялі тыдзень

Сённяшнія вяселлі ўвабралі ў сябе асобныя элементы, якія захаваліся са старажытных часоў, а таксама запазычанныя з Захаду традыцыі, якія ніколі не былі ўласцівыя беларускім землям.
Зараз у вяселлі шмат запазычаных з Захаду элементаў
"Тое, што мы сёння бачым на вяселлях – сучасная вясельная традыцыя, і вельмі шкада, што моладзь не выкарыстоўвае ўсіх тых элементаў і не робіць традыцыйныя вяселлі", — адзначае Алёна Паўлава.
Па словах навукоўца, вяселле ў "народным" стылі было вельмі папулярна ў 2014-2015 гадах. Тады людзі шукалі касцюмы і нават звярталіся да этнографаў па дапамогу, каб як мага больш дакладна ўзнавіць абрад.
Да Алёны Паўлавай як да навукоўца тады звярнулася пара, якая арандавала Музей народнай архітэктуры і побыту. У іх было ўсяго тры-чатыры гадзіны, у якія трэба было змясціць тое, на што ў нашых продкаў былі дні і нават тыдні — традыцыйнае вяселле раней гулялі і тыдзень, і два, усё залежала ад магчымасцяў сям'і.
Свята роднай ежы ў Мінску - Sputnik Беларусь
Фота
Беларускае нацыянальнае вяселле зладзілі ў самым цэнтры Мінска
"Мы пастараліся зрабіць там самае асноўнае. Быў выкуп, пераезд з хаты маладой у хату маладога, каравай, танцы, абмен падарункамі, уставалі на рушнік і, безумоўна, павязвалі  хустку", — пералічыла Алёна Паўлава.
Зараз у гэтым музеі нават з’явілася такая паслуга, як "абрад вяселля", невыключна, што кіраўніцтва вырашыла дадаць яе ў свой прэйскурант менавіта з той пары.
Навукоўцы вылучаюць давясельны перыяд, уласна вясельны і паслявясельны.
"Давясельны ўключае ў сябе сватанне, запоіны, заручыны. Уласна вясельны – гэта ўжо зборная субота, каравай, пасаг, прыезд жаніха ў хату маладой, гулянне ў хатах маладой, потым маладога. Трэці перыяд – гэта ўжо пасля вяселля, яго прытрымліваліся не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі", — распавядае навуковец.

Падстаўная нявеста і гарбуз

Першы этап падрыхтоўкі да вяселля – сватанне. Сватам выбіраўся чалавек з вёскі, гаваркі, дасціпны, які мог вельмі хутка пажартаваць, спяваў, добра ведаў традыцыі.
Традыцыйнае палесскае вяселле ўзнавалі беларускія студэнты - Sputnik Беларусь
Фотафакт: традыцыйнае палесскае вяселле ўзнавілі беларускія студэнты
"Звычайна дзяўчына ведала, што да яе могуць прыйсці сваты, яна рыхтавалася, але былі выпадкі, калі дзяўчыне ніхто не казаў, і яна гублялася", — распавядае Алёна Паўлава.
Разам са сватом прыходзіў і сам малады з бацькамі, з сабой яны прыносілі каравай і гарэлку.
"Заўсёды гэта было з жартамі, прыпеўкамі, выслоўямі. Часта казалі, напрыклад: "Вось у нас ёсць бычок, ці ёсць у вас цёлачка?", ці "У нас ёсць кабанчык, ці ёсць у вас свінка?" – распавядае навуковец.
Потым выходзіла маладая, ці вельмі часта – хтосьці замест яе, і гэту традыцыю часам можна ўбачыць сёння, калі выходзіць падстаўная нявеста.
"Калі дзяўчына хацела выходзіць замуж, яна выходзіла, і бацькі маладых садзіліся за стол і дамаўляліся пра вяселле, каб усё было ладненька. Калі дзяўчына нічога не ведала і яна не хацела ісці замуж, то па традыцыі яна "давала гарбуза" – выносіла гарбуз, і гэта азначала, што яна не хоча", — распавядае Алёна Паўлава.
Дзяўчына магла ўвогуле не сказаць ні слова, усё было бачна і зразумела адразу.

Кропка незвароту

Калі бацькі маладых дамовіліся пра вяселле, наступае этап заручын.
"Калі заручаюць маладых, пасля гэтага абраду ніхто ўжо не можа адмовіцца. На вёсцы ўжо ўсе ведаюць, што яны жаніх з нявестай і хутка будзе вяселле", — тлумачыць Алёна Паўлава.
У момант заручын хлопец з дзяўчынай садзіліся побач, і сват ці бацька маладой перавязваў іх рукі рушніком. Гэта сімвалізавала тое, што яны ўжо аб'яднаныя, будуць разам ісці па жыцці. Потым ён абводзіў маладых вакол стала тры разы. Гэтае кола зноў жа сімвалізавала пераход, тое, што дзяўчына ў хуткім часе пакіне сваю хату.
Зараз маладыя з'язджаюцца і жывуць разам, нават калі не збіраюцца брацца шлюбам. Раней у вёсцы такое было немагчыма і непрымальна з маральнага пункту гледжання. Людзі не думалі пра тое, што трэба неяк прыцерціся адзін да аднаго і разысціся, калі нешта не атрымалася, таму што лічылася: пара ствараецца адзін раз і на ўсё жыццё, а іншае гнявіць Бога. Таму пасля таго, як заручынамі быў "афіцыйна" пацверджаны новы статус хлопца і дзяўчыны, кроку назад ужо не было.

Сямейную будучыню вызначалі па караваі

Пасля заручын пачыналі рыхтавацца да вяселля. Адным з важных элементаў гэтай падрыхтоўкі было выпяканне караваю.
"Каравай – самы галоўны атрыбут вясельнай абраднасці, які павінен быць на кожным вяселлі, яго нельга было выкідаць пасля вяселля, крошкі аддавалі жывёлам, таму што з вялікай пашанай, павагай адносіліся да яго", — распавядае Алёна Паўлава.
Гатавалі яго вельмі адказна: не так, як зараз, калі можна проста замовіць торт у краме.
"Выбіралася жанчына, якая добра жыве ў сям'і, якая ўсё жыццё пражыла ў шлюбе, і муж у яе вельмі добры – шчаслівая жанчына", — тлумачыць навуковец.
Нельга было пекчы каравай удаве і жанчынам, у якіх у сям'і штосьці дрэнна.
Абраная жанчына магла таксама запрашаць сябровак у дапамогу. Выпяканне вясельнага каравая было сапраўдным рытуалам.
"Пакуль замешвалі цеста, спявалі спецыяльныя песні, потым спявалі, калі ставілі ў печ, вымалі — таксама спявалі. Мы можам падумаць, што гэта проста спевы, але яны традыцыйныя, такія песні ты не пачуеш ні на Купалле, нідзе на іншым свяце", — падкрэслівае Алёна Паўлава.
Калі каравай вымалі з печы, глядзелі, які ён атрымаўся. Калі каравай быў цэлы, поўны і не лопнуў, гэта значыла, што жыццё будзе вельмі добрае, багатае і ў гэтай сям'і ўсё будзе добра. Калі ж каравай быў лопнуўшы ці патрэсканы, гэта азначала, што ў жыцці маладых не будзе ладу, і ў некаторых вёсках каравай тады перараблялі.

Нявеста павінна плакаць

Пакуль жанчыны рабілі каравай, маладая рабіла сябе дзявочы вечар – ці зборную суботу, як гэта называлася традыцыйна. Дзяўчаты збіраліся ў хаце, садзіліся за вялікі стол і плялі вяночкі.
"Усё гэта таксама рабілі са спевамі, але нявеста павінна была быць вельмі сумнай у гэты час, таму што яна развітваецца з хатай, з бацькамі, не ведае, што будзе там, у новым жыцці. Лічылася вельмі добрым, калі яна будзе плакаць – таму спявалі песні вельмі жаласлівыя", — распавядае Алёна Паўлава.
Таксама на дзявочы вечар дзяўчаты рабілі вяночак нявесце і кветачкі для хлопцаў з боку жаніха – на сучасным вяселлі таксама прысутнічаюць бутаньеркі.
"На самім вяселлі гэтыя дзяўчаты падыходзілі да хлопцаў, якія ім падабаліся, і чаплялі на левы бок гэту кветачку. Гэта значыла, што на гэты дзень яны — пара, але гэта было неабавязкова", — распавядае навуковец.
Невядома, ці збіраліся хлопцы перад вяселлем гэтак жа, як дзяўчаты, Алёна Паўлава гаворыць, што звестак пра гэта не сустракала. Але, напэўна, гулялі, бо зараз мы маем хлапечнікі.
Пра тое, як праходзіла традыцыйнае вяселле ў беларускай вёсцы, навошта дзе-нідзе на дах чаплялі трохрогую галінку і як чыталі вянок, можна будзе даведацца з наступнага матэрыяла.
Стужка навiн
0