МІНСК, 3 кас — Sputnik. Новы від птушак адзначаны ў Беларусі — арнітолагі злавілі і акальцавалі ў рэспубліцы аўсянку-рэмез, паведамілі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўчшыны".
Новы для Беларусі від птушак злавілі і акальцавалі арнітолагі Дзяніс Кіцель і Юры Янкевіч, знаходку яны зрабілі на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
Злавілі аўсянку-рэмез у Беларусі 2 кастрычніка — у Верхнядзвінскім раёне ў пойме ракі Свольна. Арнітолагі не выключаюць, што бывала гэтая птушачка ў рэспубліцы і раней, аднак афіцыйна яна зафіксавана ў Беларусі не была.
Аўсянка-рэмез стане 333-м відам птушак, зарэгістраваным у Беларусі. Цікава, што Дзяніс Кіцель злавіў і акальцаваў у розныя гады пяць новых для краіны відаў птушак.
Аўсянку-рэмез з непрафесійнага погляду лёгка зблытаць з вераб'ём — яна такая ж маленькая і падобная па расфарбоўцы. Гэта тайговы від, ён распаўсюджаны шырокай палоскай ад Паўночнай Еўропы да Камчаткі і Алеўцкіх астравоў.