У першай частцы аповеду пра беларускія абярэгі гаворка ішла пра найбольш архіачныя, "агрэсіўныя" спосабы ўратавацца ад зла – з дапамогай агню і жалеза, а таксама аб тым, што насамрэч значыць прывітанне "хлеб-соль" і чаму ў ільна пакутніцкі лёс. Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок працягвае размову з загадчыкам аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццянай Валодзінай.
Як выгнаць дэмана
Па ўяўленні нашых продкаў, ад злых сіл мог абараніць не толькі агонь, але і ўсё тое, што можа абжэч. Шмат раслін, якія можна ўбачыць, проста ступіўшы некалькі крокаў праз гарадскі сквер або нават каля ўласнага дома, таксама лічацца моцнымі абярэгамі праз сваю калючасць ды пякучасць або непрыемны пах.
"Напрыклад, тая ж самая крапіва. Канешне, калі ўзяць гэтай крапівы ў руку і дзяцей пагнаць, то будзе апатрапей о-го-го, але, тым не меньш, крапіву затыкалі ў дзверы, за вокны, у самыя розныя адтуліны, адкуль магло пранікнуць зло", — распавядае Таццяна Валодзіна.
Да крапівы можна дадаць дзяды – гэтыя калючыя кветкі лопуху, якія чапляюцца да адзення, таксама абароняць вас ад шкоды. Далучаюцца і іншыя калючыя і вострыя расліны, а таксама раслінныя рэчывы, якія лепш не нюхаць – напрыклад, дзягель.
"Пры лекаванні асобных хвароб, якія ўяўляліся як пранікненне ў цела чалавека хваробатворнага дэмана, чалавека акурвалі — запальвалі на патэльні што-небудзь вельмі смярдзючае. Уяўлялася, што ўнутраны дэман не вытрымае гэтай агіды і пакіне цела чалавека", — расказвае Таццяна Валодзіна.
Навуковец адзначае, што ў гэтым, канешне, можна шукаць нейкі бактэрыцыдны сэнс, але зараз мы гаворым выключна пра традыцыі.
Дарэчы, у ход ішло ўсялякае смярдзючае рэчыва, у тым ліку экскрэменты – як жывёльныя, так і чалавечыя.
"Напрыклад, супраць ласкі, якая мучае жывёлу, ездзіць на ёй і заганяе да смерці, ці нават чужога хлеўніка, які прыходзіць да каровы і на ёй катаецца, раілі ўзяць і, абавязкова дзеркачом, какашкамі, так ужо груба кажучы, павадзіць дзесьці па спіне жывёлы ці нават па хлеве са словамі "Які ты госць, такая табе і чэсць", — тлумачыць Таццяна Валодзіна.
Лічылася, што шкодны дух не вытрымае такой абразы і больш не сунецца ў хлеў, дзе яго так прывітаюць.
Новай хаце патрэбная першая смерць
Выкарыстоўваліся як абярэгі ў пэўнай ступені і жывёлы. І тут, канешне, на першым месцы стаіць певень. Вобраз гэтай птушкі, якая сваім крыкам вітае надыходзячы дзень і адпуджвае нячысцікаў можна сустрэць у мастацкай літаратуры амаль усяго свету.
"Певень заспяваў – усё, усе разбегліся. Наогнул, гэта птушка вельмі насычаная самымі рознымі адценнямі. Яна – вястун дня, гэты яго ўнутраны гадзіннік як раз і абумовіў такі падыход", — тлумачыць Таццяна Валодзіна.
Лічылася, што сабачы брэх таксама адпуджвае зло, але значна слабей.
Часцей жывёлы, канешне, выкарыстоўваліся ў якасці ахвяр.
"Ёсць гіпотэза, што кожнай новай хаце трэба першая смерць, каб гэтай першай смерцю быў абавязкова не чалавек, запускаюць пеўня або ката", — расказвае Таццяна Валодзіна.
Але ў экспедыцыях навуковец даведалася і пра шэраг іншых цікавых тлумачэнняў гэтага звычая. Напрыклад, трэба, каб певень абавяскова заспяваў у новай хаце, а кот з'яўляецца як бы дамавіком, і такім чынам, запускаючы ката, запускалі хатняга духа і апекуна.
"Але калі наогул глыбока капаць, ёсць такая версія, як будаўнічыя ахвяры. Існуе цэлая іерархія ахвяр: каб трымалася пабудова, трэба было цэлы шэраг закапаць. Певень самы першы – і самая апошняя чалавек", — распавядае Таццяна Валодзіна.
Напрыклад, пеўня часта ўмуроўвалі ў сцену, калі будавалі млын. Увогуле, чым маштабней будаўніцтва, тым больш ахвяр, ва ўяўленні нашых продкаў, яно патрабавала. За пеўнем ішлі іншыя, больш крупныя дамашнія жывёлы – каза, авечка, конь. І толькі калі сцяна зусім адмаўлялася стаяць, ішлі на крайнія меры.
У Беларусі існуе шмат легенд пра замураваных у сцены палацаў дзяўчын, і здаецца, не ўсе з іх выдумка. Падчас рэстаўрацыі касцёла ў Гальшанах сапраўды быў знойдзены шкілет маладой жанчыны, да паловы замураваны ў сцяну. Шкілет перапахавалі на могілках, а праз некаторы час у той самай сцяне, дзе яго знайшлі, з'явілася расколіна. Калі ж пачалі высвятляць, дзе перапахаваны шкілет, высветлілася, што тыя, хто зрабіў гэта, памерлі, а пра новае месца пахавання больш ніхто не ведае.
У наступнай частцы матэрыяла мы раскажам, як царкоўныя сімвалы перапляліся з дахрысціянскімі вераваннямі і чаму лялька "Купалінка" і іншыя – насамрэч не зусім беларускія.