МІНСК, 5 кас — Sputnik. Барысаўскі футбольны клуб БАТЭ з буйным лікам прайграў грэчаскаму ПАОКу на сваім стадыёне ў матчы Лігі Еўропы УЕФА, паведаміў карэспандэнт Sputnik.
Сустрэча паміж "сіне-жоўтымі" і грэкамі адбылася ў чацвер на "Барысаў-Арэне", Sputnik вёў прамую трансляцыю матчу.
Першы тайм для барысаўчан стаў фактычна правальным: першы гол футбалісты БАТЭ прапусцілі ўжо на шостай хвіліне гульні — вароты Дзяніса Шчарбіцкага разбіў Аляксандар Прыёвіч.
Праз пяць хвілін другі мяч барысаўчанам забіў Леа Жаба, ён жа на 17-й хвіліне гульні давёў лік да сухога — 3:0. З гэтымі лічбамі на табло каманды сышлі ў распранальню.
У другім тайме падапечныя Аляксея Багі ажывіліся і на 61-й хвіліне змаглі "размачыць" лік — паспяховую атаку брамы грэкаў правёў Максім Скавыш. На гэты мяч ПАОК адказаў яшчэ адным узяццем варот Шчарбіцкага — на 73-й хвіліне забіў Дзімітрыс Пелкас.
Да канца матчу лік на табло не змяніўся — БАТЭ прайграў 1:4.
Зараз у групе L групавога этапу Лігі Еўропы лідзіруе "Чэлсі" — у брытанскага клуба пасля двух гульняў 6 ачкоў. На другім месцы — ПАОК (3 ачкі), на трэцім — БАТЭ (3), замыкае квартэт "Відзі" (0).
Наступную гульню барысаўчане правядуць 25 кастрычніка з "Чэлсі".