Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным супрацоўніцтве РФ (Рассупрацоўніцтва) плануе павялічыць колькасць квот для абітурыентаў з Беларусі, якія паступаюць у расійскія ВНУ. Пра гэта падчас тэлемосту Мінск — Ерэван — Кішынёў — Масква ў МПЦ Sputnik Беларусь заявіла кіраўнік арганізацыі Элеанора Мітрафанава.
"Беларусы могуць цалкам спакойна паступаць самі ў расійскія ВНУ. Іншае пытанне ў тым, што ў нас квота на дзяржаўнае навучанне такая маленькая для Беларусі на самой справе, і мы будзем яе павялічваць, таму што заявак было пададзена ў 10 разоў больш. Гэта таксама не такая вялікая лічба, але цалкам відавочна, што беларусы могуць паступаць у любую расiйскую ВНУ, і тут ніякіх асаблівых абмежаванняў няма", — сказала Мітрафанава.
Акрамя таго, адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Рассупрацоўніцтва і яго замежных прадстаўніцтваў з'яўляецца падтрымка ў вывучэнні рускай мовы і яе прасоўванні, нават калі гаворка ідзе пра Беларусь — краіну, дзе руская мова з'яўляецца дзяржаўнай нароўні з беларускай, адзначыла кіраўнік Рассупрацоўніцтва.
"Вы кажаце, што ўсе ведаюць рускую мову, але калі мы не будзем займацца рускай мовай у Беларусі, і вы не будзеце займацца, то вельмі хутка яна сыдзе. Таму падтрымка рускай мовы на ўсёй прасторы СНД вядзецца на пастаяннай аснове. У адных краінах гэта проста навучанне рускай мове, у іншых — гэта метадалогія, руская сучасная мова для журналістаў", — распавяла Мітрафанава.
На базе прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва на рэгулярнай аснове праводзяцца і павышэнне кваліфікацыі, і навучанне журналістаў сучаснай рускай мове, і ў перспектыве гэтая праца будзе пашырана, адзначыла кіраўнік Рассупрацоўніцтва.
Фрагмент прэс-канферэнцыі кіраўніка Рассупрацоўніцтва Элеаноры Мітрафанавай слухайце на радыё Sputnik Беларусь.