МІНСК, 10 кас - Sputnik. Супрацоўнікі музея Вялікай Айчыннай вайны выявілі на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка танк часоў ВАВ, гаворыцца ў паведамленні ўстановы.
Ваенную машыну знайшлі падчас спецыяльных пошукавых работ, падчас якіх правяраліся месцы, дзе можа знаходзіцца савецкая бранетэхніка або яе часткі.
"На тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка выяўлена месцазнаходжанне баявога танка ў здавальняючым стане", - сказалі ў музеі.
Там таксама ўдакладнілі, што гэтая знаходка вельмі цікавая для музея, бо ў ім няма шматлікіх узораў тэхнікі Чырвонай Арміі тых часоў.
Па словах загадчыцы аддзела рэчавых крыніц музея Людмілы Пракапенка, машыну знайшлі пасля карпатлівай архіўнай працы, аднак цяпер пакуль дакладна не вядома, які менавіта танк знаходзіцца пад вадой.
"Гэта бераг ракі, былая пераправа. Месца знаходжання танка было пацверджана даследаваннямі з выкарыстаннем адпаведных прыбораў", - сказала яна.
Паводле яе слоў, на жаль, да цяперашняга часу ў музея няма дастатковага аб'ёму сродкаў, каб падняць знойдзены танк і адрэстаўраваць яго. Менавіта таму ўстанова адкрыла дабрачынны рахунак, на якім будуць акумулявацца грошы для правядзення адпаведных работ.
"Мы рассылаем лісты ў розныя арганізацыі, можа, хтосьці адгукнецца", - паведаміла Пракапенка.