МІНСК, 13 кас - Sputnik. Да 20 градусаў цяпла можа прагрэцца паветра ў Беларусі ў нядзелю, 14 кастрычніка, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Як распавялі сіноптыкі, надвор'е ў краіне ў найбліжэйшыя дні будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над Украінай.
У нядзелю чакаецца пераменная воблачнасць, у начны і ранішні час месцамі магчымы туман. Вецер будзе няўстойлівы і слабы, ападкі не чакаюцца.
Тэмпература ўначы і раніцай складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, у асобных раёнах магчымыя замаразкі - ад нуля да 2 градусаў.
Удзень слупок тэрмометра можа падняцца да 20 градусаў цяпла.
Згодна з папярэднім прагнозам, цяпло на тэрыторыі нашай краіны захаваецца і на працягу ўсяго наступнага тыдня: у будні паветра будзе прагравацца да +16 .. + 18°С, пахаладанне чакаецца толькі ў наступныя выхадныя.