МІНСК, 23 кас - Sputnik. Праз сем з паловай дзесяцігоддзяў пасля вайны ў свеце зноў прарастаюць ідэі антысемітызму, ксенафобіі, расавай дыскрымінацыі, канстатаваў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на пасяджэнні міжнароднага круглага стала, прысвечанага памяці Мінскага гета.
Свет праходзіў гэта ўжо не аднойчы. Міністр нагадаў, што трагедыя Мінскага гета - наглядны прыклад таго, як нянавісць, ідэі расавай перавагі і фанатызм сталі прычынай гібелі вялізнай колькасці людзей.
"У ліку 6 мільёнаў еўрапейскіх яўрэяў - ахвяраў Халакосту - больш за 700 тысяч знішчаных выхадцаў з Беларусі. Многія з іх загінулі ў Мінскім гета", - адзначыў міністр.
Уладзімір Макей падкрэсліў, што сучаснае грамадства не можа дапусціць выпадкаў "агрэсіўнага забыцця", неабходна салідарызавацца супраць адраджэння ідэалогій расавай перавагі і нацызма.
Разам з міністрам па справах аліі і інтэграцыі Ізраіля Софай Ландвер Уладзімір Макей прыняў удзел у жалобным мітынгу ў мемарыяльным комплексе "Яма", збудаваным у памяць пра ахвяраў Мінскага гета.
Мінскае гета было адным з найбуйнейшых у Еўропе. За два гады праз яго прайшло каля 100 тысяч чалавек, практычна ўсе былі знішчаны. Сярод яго ахвяр як мінчане, так і яўрэі, дэпартаваныя з Заходняй Еўропы. Адсюль іх, як і мясцовых яўрэяў, везлі на расстрэл ва ўрочышчы "Благаўшчына". Гэтым летам на растрэльным месцы адкрылі вялікі мемарыял.
У Беларусі жывуць 79 вязняў Мінскага гета, 54 з іх - у Мінску. 21-23 кастрычніка 1943 года сталі апошнімі днямі існавання Мінскага гета, практычна ўсе яго вязні былі знішчаны.
Чытайце таксама:
- Белыя плямы страшнай трагедыі: што важна ведаць пра гісторыю Мінскага гета