МІНСК, 1 ліс - Sputnik. Канкурэнтамі Мінска ў барацьбе за правядзенне матчу за Суперкубак УЕФА ў 2021 годзе сталі Хельсінкі, Белфаст і Харкаў, паведамляе Sputnik.
Сёння УЕФА апублікаваў спіс прэтэндэнтаў на правядзенне фінальных матчаў еўракубкаў у 2021 годзе.
Разам з мінскім стадыёнам "Дынама" за Суперкубак пазмагаюцца стадыён "Алімпійскі" ў Хельсінкі, арэна "Віндзар Парк" у Белфасце і харкаўскі стадыён "Металіст".
На фінал Лігі чэмпіёнаў прэтэндуюць Мюнхен і Санкт-Пецярбург. А галоўны паядынак Лігі Еўропы можа прайсці або ў Вене, або ў Тбілісі, або ў Севільі.
Канчатковую заяўку ўсе прэтэндэнты павінны адправіць у УЕФА да 15 лютага 2019 года. А рашэнне аб правядзенні матчаў будзе прынята ў маі-чэрвені.