Урачыстае мерапрыемства з нагоды 115-годдзя з дня нараджэння першага міністра замежных спраў БССР Кузьмы Кісялёва адбылося ў панядзелак у МЗС Беларусі.
Кісялёў, медык па адукацыі, займаў пасады народнага камісара аховы здароўя БССР, а затым у 1938-1940 гадах - старшыні Савета народных камісараў рэспублікі. У 1944-м узначаліў створаны камісарыят замежных спраў БССР і, як прадстаўнік адной з найбольш пацярпелых у гады вайны савецкіх рэспублік, падпісваў статут ААН.
Дакумент падпісвалі тры прадстаўнікі СССР - пасол Савецкага Саюза ў ЗША Андрэй Грамыка, а таксама ўпаўнаважаныя ад дзвюх найбольш пацярпелых у Другую сусветную вайну рэспублік - Беларусі і Украіны.
"Шматвектарнасць беларускай палітыкі была закладзена яшчэ ў 50-я, у першай палове 60-х гадоў. А першыя парасткі адносяцца да канца 40-х", - заявіў на сустрэчы ў МЗС сын дыпламата Васіль Кузьміч Кісялёў.
Ён падзякаваў кіраўніцтву МЗС за ўвагу да фігуры бацькі, які прапрацаваў на пасадзе знешнепалітычнага ведамства БССР да 1966 года.