МІНСК, 13 ліс - Sputnik. Народны артыст Беларусі і СССР кампазітар Ігар Лучанок памёр на 81-м годзе жыцця, паведаміў у Facebook яго знаёмы Георгій Сураўнеў.
На пачатку лістапада кампазітар трапіў у бальніцу з інсультам, медыкі ацэньвалі яго стан як цяжкі.
"На жаль. Вось і ўсё. Ігара Міхайлавіча не стала... Хвароба падступная і бязлітасная. Пайшоў ад нас вялікі кампазітар, чалавек і сябар", - напісаў Сураўнеў.
Аб смерці кампазітара на сваёй старонцы ў Facebook таксама паведаміў Анатоль Ярмоленка, кіраўнік ансамбля "Сябры".
Аб даце і месцы пахавання кампазітара пакуль нічога не вядома.
Лучанок нарадзіўся 6 жніўня 1938 года ў Мінску, у беларускай сталіцы атрымаў музычную адукацыю. Затым ён стажыраваўся ў Ленінградзе і Маскве, выкладаў у розных музычных навучальных установах Беларусі, быў рэктарам Беларускай кансерваторыі.
Творы Лучанка выконвалі аркестр Міхаіла Фінберга, ансамблі "Песняры", "Сябры" і "Верасы", Іосіф Кабзон, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Віктар Вуячыч і іншыя. Ён быў аўтарам такіх хітоў, як "Алеся", "Майскі вальс", "Мой родны кут", "Полька беларуская", "Жураўлі на Палессе ляцяць".
Званне Народнага артыста СССР Лучанку было прысвоена ў 1987 годзе. З 1980 года і да апошняга часу ён узначальваў Беларускі саюз кампазітараў.