МІНСК, 16 ліс - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнай акадэміі навук з 90-гадовым юбілеем арганізацыі, пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"З'яўляючыся стратэгічна важным аб'ектам, Акадэмія навук адыгрывае ключавую ролю ў развіцці краіны, росце айчыннай эканомікі і ўмацаванні нацыянальнай бяспекі. Таму на заранку стварэння суверэннай Беларусі было прынята перспектыўнае рашэнне аб захаванні высокага статусу арганізацыі", - адзначыў кіраўнік Беларусі.
Па словах прэзідэнта, увесь навуковы патэнцыял арганізацыі, а таксама веды і прафесіяналізм работнікаў, дапамагаюць краіне вырашаць найважнейшыя для развіцця краіны і ўмацавання яе незалежнасці задачы.
"У зоне вашай адказнасці - навуковае суправаджэнне важных дзяржаўных праграм, выкарыстанне касмічнай прасторы, распрацоўка сучасных бія- і нанатэхналогій, стварэнне інтэлектуальнай эканомікі, папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны народа, удзел у глабальных міжнародных праектах", - падкрэсліў Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў навукоўцам невычэрпнага натхнення, поспехаў у даследаваннях і пошуках і вялікіх здзяйсненняў на карысць Беларусі і яе грамадзян.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі святкуе сваё 90-годдзе ў пятніцу, 16 лістапада. Навуковая арганізацыя была створана на базе Інстытута беларускай культуры, і на пачатку свайго шляху налічвала ўсяго 128 супрацоўнікаў. Праз амаль стагоддзе акадэмія з'яўляецца адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў Еўропы. Зараз НАН аб'ядноўвае 15 навуковых арганізацый, у штаце працуюць 15 тысяч чалавек.