МІНСК, 22 ліс - Sputnik. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка - беларуская фехтавальшчыца Алена Бялова перадала ў музей Нацыянальнага Алімпійскага камітэта каштоўныя экспанаты, паведамілі ў прэс-службе НАК.
Дзякуючы спартсменцы музей папоўніўся падарункамі, якія Бялова атрымала на святкаванні 50-годдзя Алімпіяды ў Мехіка, якая прайшла ў 1968 годзе. На тых гульнях беларуска здолела заваяваць дзве ўзнагароды вышэйшай вартасці.
"Каштоўныя прадметы з рук заслужанай спартсменкі прымаў генеральны сакратар НАК Беларусі Георгій Катулін", - сказалі ў прэс-службе.
Цяпер наведвальнікі музея НАК змогуць убачыць сертыфікат, таблічку з імёнамі і аўтографамі ўсіх удзельнікаў святочных юбілейных мерапрыемстваў у Мехіка і спецыяльны імянны куфэрак Бяловай з сімвалам Алімпійскіх гульняў - голубам міру.
![Алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова перадала ў музей НАК каштоўныя экспанаты Алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова перадала ў музей НАК каштоўныя экспанаты - Sputnik Беларусь](https://cdnn11.img.sputnik.by/img/103879/25/1038792559_0:0:1024:683_600x0_80_0_0_917254dcd8008eb297ce4a6d7026f914.jpg)
Па словах Катуліна, новыя экспанаты музея дапамогуць яго экскурсантам, перш за ўсё школьнікам, больш даведацца пра легендарную беларускую чэмпіёнку.