МІНСК, 26 ліс - Sputnik. Памятны знак пісьменніка Чынгіза Айтматава адкрылі ў Мінску, перадае карэспандэнт Sputnik.
У цырымоніі ў парку імя славутага савецкага і кыргызскага пісьменніка прынялі ўдзел кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Кыргызстана Сяргей Румас і Мухамедкалый Абылгазіеў.
Па словах Румаса, народы дзвюх краін звязваюць агульныя гісторыя і каштоўнасці. "Парк у маляўнічым месцы Мінска стане культавым месцам", - лічыць беларускі прэм'ер.
У сваю чаргу прэм'ер Кыргызстана падзякаваў беларускаму боку за ўшанаванне памяці Айтматава ў Мінску. Пры гэтым Абылгазіеў выказаў надзею, што "парк, названы ў гонар пісьменніка, стане месцам прыцягнення для творчых людзей".
Урачыстае мерапрыемства наведаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Бабіч, ён усклаў кветкі да памятнага знака. Засведчыць даніну павагі таленту Айтматава прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі, дыпламатычнага корпуса, а таксама простыя мінчане.
Парку на вуліцы Ванеева прысвоілі імя Чынгіза Айтматава летам 2018 года па рашэнні кіраўніцтва Мінгарвыканкама.