МІНСК, 28 ліс - Sputnik. Свабоднае перасячэнне ўнутранай мяжы Саюзнай дзяржавы для беларусаў і расіян захаваецца, заявіў у сераду журналістам дзяржсакратар СД Рыгор Рапота.
Рапота сустрэўся ў сераду з губернатарам Пскоўскай вобласці Міхаілам Вядзернікавым. У размове з журналістамі пасля сустрэчы з кіраўніком рэгіёна дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы пракаментаваў хуткае падпісанне дамовы аб узаемным прызнанні візаў паміж Беларуссю і Расіяй.
"Для беларусаў і расіян свабода перасоўвання захоўваецца", - запэўніў Рапота, яго словы прыводзіць БелТА.
Як адзначыў дзяржсакратар, да канца года адпаведнае пагадненне будзе падпісана - "па запэўненнях міністраў замежных спраў". Пасля падпісання дакумента парадак перасячэння беларуска-расійскай мяжы для замежнікаў будзе палегчаны.
Замежныя грамадзяне сёння не могуць перасякаць беларуска-расійскую мяжу з-за адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску. Вырашэннем пытання бакі бачаць падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні візаў. Паводле апошніх заяў чыноўнікаў, пагадненне знаходзіцца "ў высокай ступені гатоўнасці".