МІНСК, 28 ліс - Sputnik. Выстава беларускага фатографа Савы Сіўко да 130-годдзя са дня яго нараджэння адкрыецца 7 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.
Беларусы ўпершыню змогуць убачыць спадчыну вясковага фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко, які нарадзіўся ў вёсцы Сянно каля беларускага мястэчка Любча. Наведвальнікі ўбачаць калекцыю фотаздымкаў пра паўсядзённае жыццё беларусаў-"заходнікаў" ў 20-50-я гады ХХ стагоддзя.
Старыя шкляныя пласцінкі міжваеннага часу патрапілі ў Нацыянальны гістарычны музей паўтара гады таму, але тады аўтарства фотаздымкаў было невядома. Праз некаторы час захавальнікі музея знайшлі сапраўдны "архіў стагоддзя" дзякуючы землякам фатографа – жыхарам вёсак Любча, Купіск і Сянно.
Сярод знаходак – унікальны фотафон, які намаляваў сам фатограф і ў 1930-ыя гады каля яго рабіў партрэтныя фотаздымкі. На працягу года над праектам працавала маладая рэстаўратарка Юлія Дранец, якая атрымала на гэту справу прэзідэнцкі грант.
- Як ішла праца па рэстаўрацыі фотафона, чытайце ў матэрыяле Sputnik.