МІНСК, 12 сне - Sputnik. Цяпер два самалёты ў чорнай ліўрэі будуць перавозіць пасажыраў "Белавія", новы "Танкалёт" сёння прыбыў у Мінск.
"Калі мы выпусцілі першы самалёт у колерах World of Tanks, пра Беларусь даведваліся ў розных кропках свету, а мы атрымалі масу станоўчых водгукаў ад пасажыраў. Менавіта яны натхнілі нас на тое, каб працягваць. У першага "Танкалёта" не было гэтага імя: назва прыйшла з народа і настолькі прыжылася, што стала афіцыйнай", - распавёў генеральны дырэктар "Белавія" Анатоль Гусараў.
На чорна-аранжавай ліўрэі можна разгледзець чорнага жа зубра. Таксама можна ўбачыць на баку самалёта і аранжавы танк. Усяго ў свеце чатыры чорныя самалёты, і два з іх належаць "Белавіі".
Першы "Танкалёт" Boeing 737-300 размалёўвалі ў чэшскай Астраве: тады спатрэбілася 300 літраў фарбы і 450 квадратных метраў трафарэта. 13 спецыялістаў працавалі 1800 гадзін. Борт у "вышыванцы" за два з паловай гады здзейсніў 2457 рэйсаў, наведаў 56 краін і даставіў па месцы прызначэння 270 тысяч пасажыраў.
Мадэль новага "Танкалёта" - Embraer 195, якая прапануе 107 пасадачных месцаў. Афарбоўка ажыццяўлялася кругласутачна на працягу 11 дзён у фарбавальных ангарах Ульянаўска. Працавалі два майстры фарбавальнага цэха і 18 маляроў. На размалёўку новага борта сышло 92 літра эмалі, 115 літраў лаку, 62 літра грунту і 150 пагонных метраў дывановага пакрыцця.
Самалёт незвычайна аформлены і ўнутры. Бортправаднікі і экіпаж гавораць з пасажырамі на мове гульні. Дызайн салона таксама выкананы з алюзіяй на "танкі".