МІНСК, 12 сне - Sputnik. Тэрмін знаходжання ў нашай краіне замежнікаў без рэгістрацыі можа быць прадоўжаны да 30 дзён, пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Ганевіч.
"Мы выступалі і будзем выступаць за тое, каб падоўжыць тэрмін знаходжання замежнікаў у Беларусі без рэгістрацыі да 30 дзён. Гэтая праблема, пра якую ўсе кажуць: можна знаходзіцца без рэгістрацыі 5 дзён. Мы яе паспрабуем зрушыць хаця б, можа, на 15 дзён" , - сказаў Ганевіч.
На дадзены момант замежныя грамадзяне, якія маюць намер знаходзіцца ў Беларусі больш за 5 рабочых дзён, павінны зарэгістравацца ў органах унутраных спраў па месцы свайго знаходжання.
Раней з ініцыятывай павялічыць тэрмін знаходжання без рэгістрацыі да 10 дзён выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Пры гэтым у ведамстве анансавалі магчымасць рэгістрацыі замежнікаў праз інтэрнэт. Плануецца, што гэтая паслуга запрацуе з 2019 года і будзе бясплатнай.
Нагадаем, што з лютага 2017 года ў Беларусі быў уведзены пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. У ліпені бягучага года прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны ўказ, які падоўжыў знаходжанне замежнікаў у краіне без візы да 30 сутак пры ўмове іх уезду і выезду праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Акрамя таго, па словах прадстаўніка МЗС, плануецца абмеркаванне пытання бязвізавага ўезду ў краіну праз аэрапорты Брэста і Гродна.
"У нас у планах зрабіць аэрапорты ў Брэсце і Гродне для бязвізавага прылёту, як у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Пры наступных зменах ва ўказе №8, якія будуць уносіцца, мы плануем абмяркоўваць гэтае пытанне", - сказаў Ганевіч.
Таксама прапануецца аб'яднаць бязвізавыя зоны Брэсцкага і Гродзенскага рэгіёнаў, што дазволіць турыстам пераязджаць з адной вобласці ў іншую (зараз такой магчымасці няма).
Усяго за 9 месяцаў бягучага года ў Беларусь ўехала 3,6 мільёна замежнікаў, што на 8,7% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Па 30-дзённаму бязвізу прыляцелі амаль 180 тысяч чалавек. Больш за ўсё турыстаў прыбыло з Германіі (больш за 28 тысяч), Польшчы (больш за 16 тысяч) і Італіі (больш за 15 тысяч), прыкладна па 12 тысяч прыехалі з Вялікабрытаніі і ЗША.