Відэа

Мірашнічэнка: эпоху памятаюць па геніях

Падпісацца
Расійскі кінарэжысёр-дакументаліст, аўтар знакавага шматсерыйнага праекта "Народжаныя ў СССР" Сяргей Мірашнічэнка распавядае пра жанр дакументалістыкі, трансфармацыі сучаснага кіно і тэлебачання, а таксама пра ролю геніяў у гісторыі.

Сяргей Мірашнічэнка - прызнаны майстар дакументальнага кіно. Яго працы атрымалі высокую ацэнку не толькі на радзіме - у Расіі (Сяргей Мірашнічэнка лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій РФ, уладальнік прэмій "Ніка" і "ТЭФІ", шматлікіх дзяржаўных узнагарод), але і адзначаны прызам Брытанскай Каралеўскай акадэміі, а таксама прэміяй Амерыканскай акадэміі тэлебачання "Эмі".

Асаблівае прызнанне атрымаў праект "Народжаныя ў СССР", здымкі якога пачаліся яшчэ пры Савецкім саюзе і працягваюцца да гэтага часу. Героі фільма здымаюцца спачатку ў сямігадовым узросце, затым ужо падлеткамі, маладымі людзьмі і далей ужо ў сталым узросце.

"У кожнага ўзросту ёсць свой знакавы перыяд. Праект пабудаваны на такой цытаце, па-мойму, Блажэнны Аўгустын сказаў: "Дайце мне дзіця ў 7 гадоў, і я скажу, якім яно будзе чалавекам". І шмат хто лічыць, што ў 7 гадоў чалавек ужо склаўся цалкам і ён ужо такі, якім ён будзе да канца жыцця", - распавядае Мірашнічэнка.

На працягу некалькіх этапаў фільма (здымкі праходзяць кожныя сем гадоў) глядач бачыць, як разам з падрастаючым героямі змяняецца свет вакол іх. У планах стваральніка праекта - паказаць жыццё герояў ва ўзросце ад сямі да сямідзесяці гадоў. Пры гэтым кінарэжысёр не хавае, што над фінальнымі эпізодамі будуць працаваць яго вучні - выпускнікі ВДІКа, дзе Мірашнічэнка выкладае ўжо 20 гадоў.

"Краінай і светам рухаюць геніі, а каб яны развіваліся, патрэбныя ўмовы. Трэба пазбаўляцца ад зайздрасці і дапамагаць таленавітым людзям. І тады менш будзе хаосу ў галаве ва ўсіх", - рэзюмуе госць радыё Sputnik Беларусь. Сваёй задачай майстар лічыць убачыць маладых геніяў, навучыць рамяству і даць дарогу ў жыццё.

Радыё Sputnik Беларусь выказвае падзяку Міжнароднаму медыяклубу "Фармат А3" за магчымасць запісу інтэрв'ю.

Поўную версію размовы з вядомым расійскім кінарэжысёрам-дакументалістам Сяргеем Мірашнічэнкам глядзіце на відэа.

Стужка навiн
0