МІНСК, 19 сне - Sputnik. Беларускія навукоўцы распрацоўваюць камп'ютарызаваны комплекс для дыягностыкі на аснове айтрэкера, паведамілі Sputnik у прэс-службе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Комплекс на аснове беларускага айтрэкера (прыбора, які дазваляе фіксаваць рух вачэй) распрацоўваюць студэнты БДУ Арцём Рыжанкоў, Яўген Кароткі і Аляксандр Міско, а таксама БДМУ - Дар'я Вашкова і Таццяна Чаранкевіч.
Распрацоўка маладых навукоўцаў дапаможа правесці аналіз руху вачэй пры ўспрыманні выявы, а таксама іх хуткасці і правільнасці ідэнтыфікацыі ўбачанага.
"Навацыя ўнікальная для Беларусі. Комплекс выконвае тры ключавыя функцыі. Дыягнастычная ацэньвае стан зрокавай сістэмы і ступень паражэння некаторых структур мозгу. Напрыклад, рознымі будуць паказчыкі акулаграмы рухаў вачэй пры рассеяным склерозе да лячэння і пасля, у фазе рэмісіі", - распавялі ў прэс- службе БДУ.
Таксама з дапамогай трэкера з'явіцца магчымасць ажыццяўляць прафесійны адбор спецыялістаў, дзейнасць якіх звязана з падвышанай увагай і вялікім аб'ёмам інфармацыі, у тым ліку пілотаў, супрацоўнікаў спецслужбаў, аператараў АЭС і т.д.
"Аналіз хуткасці і дакладнасці руху вачэй дазваляе выявіць людзей з высокім узроўнем аператыўнасці, назіральнасці, а таксама здольных выконваць складаныя заданні ў стрэсавых сітуацыях", - адзначылі суразмоўцы агенцтва.
Прымяняць комплекс можна будзе і ў сферы адукацыі. Так, пры яго дапамозе навукоўцы змогуць адбіраць навучальныя дапаможнікі па крытэры ўспрымальнасці чытанага тэксту - і цяпер ацэньвацца гэта будзе не суб'ектыўна, а аб'ектыўна.
Распрацоўка навукоўцаў, у выпадку поспеху на конкурсе інавацыі INNSTART BSU, стане рэзідэнтам навукова-тэхнічнага парку "Унітэхпрам БДУ", а таксама яны змогуць камерцыялізаваць свой праект.