Адыходзячы 2018 год стаў годам моладзі для каталіцкай царквы ў Беларусі, акрамя таго, пра праблемы моладзі ў эпоху жорсткай змены духоўных каштоўнасцей гаварылі і на Сінодзе біскупаў у Ватыкане, распавёў у інтэрв'ю на радыё Sputnik Беларусь мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
"Мы кожны год у кожнай дыяцэзіі арганізуем сустрэчы з моладдзю, але раз у некалькі гадоў мы арганізуем агульнабеларускія сустрэчы, і ў гэтым годзе такая сустрэча адбылася ў Гродне, прыехалі каля двух з паловай тысяч маладых людзей. Яны не прыйшлі ў храм як на стадыён на футбольны матч, яны прыйшлі маліцца. І калі я паглядзеў на гэтую моладзь: ёсць усё-такі будучыня, нягледзячы на ўсе гэтыя выклікі секулярызму", - распавёў Кандрусевіч.
Бясспрэчна важным для беларускіх каталікоў у адыходзячым годзе стала рашэнне ЮНЕСКА аб уключэнні Будслаўскага фэсту ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, зазначыў арцыбіскуп.
"Туды ідуць дзясяткі тысяч пілігрымаў у першы ўікэнд ліпеня, калі мы святкуем урачыстасць у гонар шанавання Іконы Маці Божай Будслаўскай. Яны ідуць туды, перш за ўсё, да рэлігійнай святыні, але тое, што такая паважаная ў свеце свецкая арганізацыя, якая прапагандуе культуру, прызнала гэту ўрачыстасць нематэрыяльнай каштоўнасцю, гэта вельмі важна для нас", - сказаў Кандрусевіч.
У сусветным маштабе ўсіх трывожаць крызісы, з якіх свет не можа выйсці ўжо дзесяцігоддзе. І гэта не толькі эканамічны і фінансавы крызісы, але і крызіс інстытута сям'і і чароўнага дару жыцця, адзначыў мітрапаліт.
"Цяпер наступіла дэмаграфічная зіма. Яна не толькі там недзе далёка, яна ў нас - у Беларусі. Толькі ў гэтым годзе колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 35 тысяч. Цэлы раённы горад знік з карты Беларусі. Можна выпускаць добрыя БелАЗы, МАЗы, трактары Belarus, электроніку і да таго падобнае, але калі не будзе людзей, каму гэта ўсё і хто будзе ўсім гэтым карыстацца?" - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік каталіцкай царквы.
Акрамя таго, усіх беларусаў, незалежна ад іх веравызнання, турбуе і праблема Украіны. Вядома, ва ўсім свеце цяпер неспакойна, але гэты канфлікт зусім побач, ён доўжыцца ўжо больш за 4 гады і пагаршаецца праблемай праваслаўнай царквы на Украіне, адзначыў арцыбіскуп.
"І каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты, мы ўсе належым містычнаму целу Госпада, і калі, напрыклад, баліць палец на назе, то і ўсяму целу нядобра, галава баліць - таксама нядобра. Таму я заўсёды малюся, каб усе гэтыя праблемы вырашыліся мірным шляхам", - сказаў Кандрусевіч.
Фрагмент эксклюзіўнага інтэрв'ю мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на радыё Sputnik Беларусь глядзіце ў відэатрансляцыі.