Цацкі гэтага майстра не назавеш ні кранальнымі, ні мімімішнымі. Яны хутчэй выклікаюць страх, чым жаданне ў іх пагуляць: вочы вылупленыя, шчокі абвіслыя, усмешкі агаляюць зубы, размешчаныя ў шахматным парадку, рогі і капыты выдаюць звярыныя манеры.
Карэспандэнт Sputnik Тамара Зеніна высветліла у майстра-лялечніка Сяргея Драздова, чаму ён такі бязлітасны са сваімі героямі.
"Пранізлівы погляд і дзіўная ўсмешка прыкладаюцца", - жартуе аўтар пра свае працы.
Сяргей Драздоў і не хавае грубыя манеры сваіх персанажаў, падкрэсліваючы, што сцім-панк - гэта "не плюшавыя мішкі і не парцалянавыя красуні".
Яго героі - цынічныя узброеныя, часта да зубоў, істоты, якія жывуць у бязлітасным свеце суровых фантазій аўтара. Пры гэтым ім не чужыя простыя чалавечыя слабасці.
"Мой Дзед Мароз голы і патрапаны, таму што па дарозе да дзетак не змог прайсці міма казіно, дзе прайграў ўсё: падарункі, аленяў і нават вопратку. Раніцай ён прачнуўся - і ў яго шок ад таго, што адбылося", - смяецца аўтар "дзеда-гульнямана".
Смецце з усяго свету
Цацачныя машыны гэтага майстра маюць рухавікі і ездзяць, яго стрэльбы зараджаюцца патронамі і страляюць, яго вострымі шаблямі можна праткнуць. А яго героі маюць не толькі зброю і абмундзіраванне - у іх ёсць характар, лёс і часта нават кар'ера!
"Спачатку я прыдумляю гісторыю. Сцім-панк - гэта кірунак навуковай фантастыкі. Эпоха праўлення каралевы Вікторыі, паравыя механізмы і ўсё, звязанае з прарывам інжынернай думкі і перадавымі ідэямі. Гэта прыгоды, нават Жуля Верна ў некаторай ступені можна аднесці да прадстаўнікоў сцім-панка", - разважае Драздоў.
У стылі сцім-панк сёння ствараюць шмат прадукцыі, у тым ліку фільмаў і камп'ютарных гульняў. З іх мастак і чэрпае натхненне.
"Уладар кольцаў" я пераглядаў шэсць разоў, у выніку з'явілася серыя рыцараў "Сярэднявечныя забавы", - распавядае ён.
Адзін з прынцыпаў жорсткага стылю - натуральнасць. Свае цацкі Драздоў робіць са скуры, латуні, меднага дроту, дрэва і іншых матэрыялаў.
Разглядаючы яго персанажаў, можна ўбачыць кавалкі зламаных відэльцаў, спражак, бляшак, падраных рэчаў, і яшчэ вялікую колькасць нейкага "смецця", якое аўтар у асноўным знаходзіць на блышыных рынках і ў крамах старызнікаў па ўсім свеце.
"У мяне няма пакупных дэталяў, ўсе элементы раблю сам з нуля: л'ю метал, кую, займаюся чаканкай, шыю скуру, абпальваю гліну, габлюю па дрэве", - прызнаецца "майстар шырокага профілю" Сяргей Драздоў і раскрывае дэталі сваёй творчасці.
"Я выкарыстоўваю шмат інжынерных вынаходак. Калі з'яўляецца думка, усяляк яе прапрацоўваю, прамалёўваю вузлы, шасцярэнькі, параўноўваю з чарцяжамі і схемамі з інтэрнэту", - распавядае ён.
Механізмы, якія рухаюцца, Драздоў дапаўняе сапраўднымі дэталямі, толькі дробнымі. Замкі і спражкі можна зашпіліць і расшпіліць, стрэльбы і арбалеты разабраць і сабраць, латы і кальчугі - апрануць і зняць.
"Мой лозунг: маленькае - але сапраўднае! Напрыклад, для піратаў я гарматы не выточваў на такарным станку, а адліваў, як мае быць. Мініяцюрную цэглу, з якой я склаў сцяну для архітэктара, я рабіў з гліны, абпальваў, збіраў мур на раствор. Мячы кую па ўсіх правілах гарачага кавання", - здзіўляе майстар скрупулёзнасцю.
Менавіта ў намінацыі "Лепшыя аксэсуары" ён атрымаў узнагароду на лялечным фестывалі ў Прэйлі (Латвія) разам з калегамі з Расіі і Нідэрландаў.
Падводная лодка і паравая машына
Цікава, што сваю дзіцячую мару - прыдумаць гісторыю з героямі - Сяргей Драздоў здзейсніў толькі на пятым дзясятку.
У дзяцінстве яго адлічылі з мастацкай школы за прагулы. Доўгі час ён працаваў шахцёрам на поўначы Расіі, а пасля пераезду ў Беларусь займаўся дызайнам памяшканняў.
"У 40 гадоў я паспрабаваў зрабіць першы механізм - мадэль падводнай лодкі, потым была паравая машына, амерыканскі хот-род на радыёкіраванні, а потым з'явіліся лялькі як нешта больш мастацкае", - дзеліцца майстар этапамі творчага шляху.
У апошнія гады яго працы бачылі на шматлікіх, у тым ліку і персанальных, выставах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Рызе, Сочы, Таліне, Прэйлі, Пфулендорфе, а таксама ў шматлікіх гарадах Беларусі. Бліжэйшая персанальная экспазіцыя адкрыецца ў Гомелі напрыканцы лютага.
Крылы, ногі і хвост
Аўтар прызнаецца, што нават пад заказ не робіць дзіцячыя цацкі. Яго персанажы адрасаваныя выключна даросламу гледачу, "таму, хто ўмее фантазіраваць".
І кошт, і тэрміны вырабу заўсёды розныя. Даўжэй за ўсё, кажа майстар, робяцца лялечныя мініяцюры. На гэта можа сысці да года. Зразумела, што каштаваць танна такія лялькі не могуць.
Сярод прыхільнікаў творчасці лялечнікаў шмат вядомых асобаў, якіх раней Сяргей "бачыў толькі па тэлевізары".
У Маскве шматлікія "зоркі" - заўсёднікі штогадовай выставы на Цішынцы, у Рызе сярод аматараў лялек можна сустрэць Райманда Паулса. Прыходзяць дыпламаты і кіраўнікі вядомых прадпрыемстваў. Прыходзяць, захапляюцца і купляюць! "Хто і за што - распавядаць не буду", - хітра ўсміхаецца задаволены мастак.
Затое я магу прызнацца, што адзін з персанажаў Сяргея Драздова жыве ў мяне. Падарунак. Калі прыгледзецца да маёй птушачкі, можна і кавалак відэльца разглядзець, і частку старой адкрывалкі, і яшчэ нейкія кавалкі металічных пласцін, якія ўмелая рука майстра ператварыла ў дзюбу, крылы і пёры!