ГРОДНА, 8 сту - Sputnik, Іна Грышук. Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта паказала, як будуць выглядаць тры гандлёва-офісныя будынкі, якія хочуць пабудаваць на месцы сквера ў 20 метрах ад плошчы Савецкай у Гродне.
Пра тое, што новы гандлёва-офісны аб'ект вонкава будзе падобны на знесены ў савецкі час комплекс з трох будынкаў, у тым ліку каштоўны для Гродна Дом рыбака, датаваны XVI-XVII стагоддзямі, стала вядома яшчэ восенню. Але на той момант праектная дакументацыя праходзіла патрэбныя ўзгадненні, таму заказчык будаўніцтва не мог паказаць эскізы будучай будоўлі.
Напрыканцы снежня 2018 года эскізныя рашэнні "Будаўніцтва гандлёва-офіснага аб'екта ў раёне дома па вуліцы Замкавая, 12 у Гродне" ўхваліла і рэкамендавала для далейшага праектавання Міністэрства культуры Беларусі.
Можна заўважыць, што новыя будынкі сапраўды паўтараюць знешні выгляд старадаўняй гродзенскай забудовы. Заказчык будаўніцтва упэўнены, што такое рашэнне дапаможа адрадзіць гістарычнае аблічча старога Гродна. Менавіта гэтага чакаюць і многія гісторыкі і гродзенцы, якія да гэтага часу асцерагаліся, каб на пляцоўцы ў сэрцы старога горада, не з'явіўся навадзел са шкла і бетону ці псеўдагістарычны копія. Па планах будаўніцтва павінна пачацца ў 2019 годзе.
Як раней пісаў Sputnik, на пачатку студзеня распачаліся грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе аб'екта на Замкавай. Галоўны недахоп новага будаўніцтва ў тым, што ўчастак захоплівае частку сквера за Палацам тэкстыльшчыкаў, частку дрэў прыйдзецца ссекчы.
Як зрабіць гэта з мінімальнымі стратамі для экалагічнай сітуацыі ў горадзе, абмяркуюць з гараджанамі.
Грамадская арганізацыя "Экаманіторынг" ужо падрыхтавала шэраг пытанняў і прапаноў і звярнулася ў гродзенскі гарвыканкам з просьбай правесці сход, дата яго правядзення будзе вядомая на працягу тыдня.