МІНСК, 8 сту - Sputnik. Кліматычнае лета працягвалася ў 2018 годзе ў Беларусі чатыры месяцы, паведамілі ў аўторак журналістам прадстаўнікі Белгідрамета.
Сярэдняя тэмпература паветра ў мінулым годзе склала 7,9 градуса - на 1,2 градуса вышэй за норму. У "рэйтынгу" самых цёплых гадоў з 1945-га 2018-ы заняў чацвёртае месца.
Як паведаміла журналістам начальнік сектара метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Наталля Клявец, нягледзячы на станоўчую анамалію, вясна пачалася з халоднага сакавіка. У той жа час, кліматычнае лета пачалося ўжо ў красавіку.
Толькі ў другой дэкадзе верасня сярэднесутачная тэмпература паветра апусцілася ніжэй за адзнаку ў +14 градусаў, што азначала завяршэнне кліматычнага лета.
"Кліматычнае лета працягвалася практычна чатыры месяцы", - паведаміла Клявец.
Самыя высокія ў годзе тэмпературы фіксаваліся 14 жніўня ў Ваўкавыску і Пінску - +32 градуса.
Самым вільготным месяцам у 2018 годзе апынуўся ліпень, таксама ў рэйтынгу па ападках лідзіруюць студзень і снежань. Май у Беларусі выдаўся найбольш сухім. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў у рэспубліцы аказалася недастатковай - усяго 89% ад нормы.