МІНСК, 9 сту - Sputnik. Спарадычныя выпадкі грыпу рэгіструюцца гэтай зімой у Беларусі, паведаміла журналістам у сераду намеснік кіраўніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
Росту колькасці вірусных рэспіраторных захворванняў спецыялісты чакаюць напрыканцы студзеня - на пачатку лютага. Зараз жа прыкметнага росту захворванняў медыкі не назіраюць.
Паводле слоў Карабан, у Беларусі рэгіструюцца спарадычныя выпадкі грыпу, часцей за ўсё - "традыцыйных" A(H1N1) і A(H3N2). Хварэюць на іх непрышчэпленыя грамадзяне, ускладненняў пакуль зафіксавана не было.
Пры гэтым прагнозы медыкаў па эпідсітуацыі ў цэлым спакойныя. "На працягу апошніх некалькіх гадоў назіраецца сітуацыя, калі няма рэзкіх уздымаў захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі", - дадала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.
Эпідэмій грыпу не было ў Беларусі на працягу некалькіх гадоў - у першую чаргу, дзякуючы актыўнай вакцынацыі насельніцтва. У той жа час спецыялісты папярэджваюць: тыпы вірусаў мяняюцца раз у дзевяць-дзесяць гадоў, а гэты тэрмін з моманту апошняй пандэміі (2009 год) ужо прайшоў.