МІНСК, 11 сту - Sputnik. Вучні старэйшых класаў Астрашыцка-Гарадоцкай школы разам з малодшым сынам прэзідэнта Беларусі Мікалаем Лукашэнкам павіншавалі жыхароў падшэфнага Мінскага дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў з Новым годам і Калядамі, пра гэта паведамляе БелТА.
Школа ўзяла шэфства над домам-інтэрнатам, яе вучні на працягу ўжо некалькіх гадоў падчас святаў наведваюць яго з тэатралізаванымі паказамі і падарункамі. Так, у мінулым годзе пастаяльцам інтэрната на навагоднія святы падарылі двух львінагаловых трусоў. У гэты раз былі падораны дзве козачкі адной з самых вядомых і паважаных парод малочнага напрамку - Дуся і Вера. Усе гэтыя жывёлы былі вырашчаны ў гаспадарках прэзідэнта Беларусі.
Акрамя таго, у дом-інтэрнат даставілі ядомыя і карысныя падарункі: мёд з падворка кіраўніка дзяржавы, 1,5 тоны бульбы з прэзідэнцкага агарода, а таксама джэмы, морсы і варэнне з гаспадаркі "Александрыйская".
Таксама школьнікі радуюць жыхароў дома-інтэрната сваімі выступамі. У гэтым годзе перад пажылымі людзьмі выступіў сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка. У ходзе канцэрта "Калядныя фантазіі" дзеці чыталі вершы і прозу, выконвалі музычныя творы, дэманстравалі танцавальныя нумары.
На днях Мікалай Лукашэнка выступіў з музычным нумарам падчас уручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп". Ён разам са сваім выкладчыкам музыкі Аленай Асташкінай-Мысліўчык акампанаваў на раялі артыстцы Юліі Быкавай, якая выканала песню "Куточак Беларусi". Аляксандра Лукашэнку настолькі расчуліла гранне сына, што яму давялося дастаць хустку, каб выцерці слёзы.