МІНСК, 17 сту - Sputnik. Следчыя праводзяць ператрус у кватэры і офісе адваката Андрэя Даманскага, які прадстаўляе ў судзе кіраўніка партала РІА "Новости Украина" Кірыла Вышынскага.
Журналіст і кіраўнік партала РІА "Новости Украина" Кірыл Вышынскі знаходзіцца пад вартай з сярэдзіны мая мінулага года.
На гэтым тыдні ўкраінскі бок заявіў аб завяршэнні папярэдняга расследавання яго справы - нагадаем, Кіеў абвінавачвае рэпарцёра ў дзяржздрадзе і падтрымцы самаабвешчаных рэспублік Данбаса.
У судзе Вышынскага прадстаўляе вядомы адвакат Андрэй Даманскі. Як ён сам паведаміў у чацвер, ім зацікавіліся праваахоўныя органы Украіны.
"Пакуль я ў Херсоне знаёмлюся з матэрыяламі справы і чакаю судовага працэсу аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай Кірыла Вышынскага, Генеральная пракуратура Украіны вырашыла правесці ператрус у мяне дома і ў офісе, а таксама ў майго памочніка", - заявіў Даманскі ў чацвер.
Цікава, што ператрус вырашылі правесці ў дзень, калі Херсонскі гарадскі суд будзе разглядаць пытанне меры стрымання для Вышынскага.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін называў сітуацыю беспрэцэдэнтнай: ён падкрэсліваў, што Вышынскага арыштавалі "за яго прамую прафесійную дзейнасць, за ажыццяўленне яго журналісцкай функцыі". Масква накіравала Кіеву ноты пратэсту з патрабаваньнем спыніць гвалт над прадстаўнікамі прэсы.
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір раней выказаў сур'ёзную трывогу ў сувязі з дзеяннямі Кіева ў дачыненні да РІА "Новости Украина". Выказвалі занепакоенасць сітуацыяй і многія іншыя міжнародныя арганізацыі і структуры.