МІНСК, 17 сту - Sputnik. План забудовы сталічнага Сухарава вынесены на грамадскае абмеркаванне - мікрараён хочуць ушчыльніць, а яго насельніцтва павялічыць практычна ў два разы.
Праект дэталёвага планавання новага мікрараёна ў Сухарава прэзентавалі напярэдадні ў адной са школ сталіцы. Таксама адпаведныя змены ў дэталёвае планаванне апублікаваныя на сайце раённай адміністрацыі.
Як паведамілі ў адміністрацыі Маскоўскага раёна, грамадскае абмеркаванне дэталёвага планавання тэрыторыі ў раёне вуліцы Рафіева працягнецца да пачатку лютага. У гэты тэрмін мясцовыя жыхары могуць выказаць свае пажаданні і заўвагі па плане забудовы.
Так, Сухарава хочуць прыкметна павялічыць: мяркуецца, што да 2030 году насельніцтва мікрараёна павінна вырасці з 12 да 28 тысяч чалавек. Для гэтага плануюць ушчыльніць забудову, у прыватнасці - знесці катэджы і поўнаевангельскую царкву "Новае жыццё".
Усяго праектаваная тэрыторыя займае 170 гектараў і размешчана ў межах паўднёвай ускраіны Фрунзенскага і заходняй Маскоўскага раёнаў.
Праект быў распрацаваны па замове камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, распрацоўшчыкамі яго выступілі "Мінскпраект". Дэталёвае планаванне на час грамадскага абмеркавання размешчана ў шостай сталічнай школе. Заўвагі і прапановы можна дасылаць на адрас як адміністрацыі Маскоўскага, так і Фрунзенскага раёнаў.