МІНСК, 18 сту - Sputnik. Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2019" пройдзе ў Кракаве, заявіў у эфіры польскага тэлебачання гендырэктар Еўрапейскага вяшчальнага саюза Ноэль Керан.
У адрозненні ад дарослага "Еўрабачання", перамога ў дзіцячым песенным спаборніцтве не дае аўтаматычнае права правядзення мерапрыемства, аднак у гэтым годзе ўсе супала: неўзабаве пасля перамогі прадстаўніцы Польшчы Раксаны Венгель на шоу 2018 года менавіта гэтую краіну вызначылі як гаспадыню конкурсу наступнага года.
Горад, у якім пройдзе дзіцячае "Еўрабачанне-2019", некаторы час трымаўся ў таямніцы. Аднак гендырэктар ЕВС Ноэль Керан распавёў аб абранай сталіцы конкурсу ў эфіры мясцовага тэлебачання.
"Гэта фантастычная падзея, якая пройдзе ў Кракаве. Не магу дачакацца", - заявіў ён.
Якія яшчэ краіны падавалі заяўкі на правядзенне дзіцячага "Еўрабачання-2019", не паведамляецца. Як раней заяўлялі на "Першым канале", Расія таксама планавала прапанаваць арганізаваць шоу, аднак ці была пададзеная афіцыйная заяўка, не вядома.
Дзіцячае "Еўрабачанне-2018" адбылося ў лістападзе ў Мінску. Шоу запомнілася ўзроўнем арганізацыі і рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў - за перамогу змагаліся прадстаўнікі 20 краін. Дакладная дата правядзення конкурсу у 2019 годзе пакуль не абвешчаная.