МІНСК, 18 сту - Sputnik. Экіпаж расійскай каманды "КАМАЗ-МАЙСТАР", якім кіраваў Эдуарда Нікалаеў выйграў ралі-рэйд "Дакар-2019" у заліку грузавікоў, лепшае месца гоншчыкаў "МАЗ-СПОРТаўта" - шостае, сведчаць дадзеныя арганізатараў.
Перамога Нікалаева стала для пілота чэлнінскай каманды трэцяй запар. Другое месца - яшчэ ў аднаго экіпажа КамАЗа - Дзмітрыя Сотнікава. Трэцім па выніках стаў галандзец Жэрар Дэ Рой на Iveco.
Экіпаж Сяргея Вязовіча, які ў мінулым годзе заваяваў "срэбра", у гэтым "Дакары" стаў шостым, Аляксандр Васілеўскі заняў восьмы радок. Экіпаж Аляксея Вішнеўскага два апошнія этапы пераследвалі тэхнічныя праблемы, і ў выніку трэцяга МАЗа няма ў агульным заліку. Аднак дапамога Вішнеўскага спатрэбілася сакаманднікам і на апошнім этапе, калі здарылася паломка ў Вязовіча.
"На 20-м кіламетры мы ўбачылі, што стаіць Сяргей. Спыніліся, убачылі, што ў яго былі праблемы з патрубкам турбанаддува. Прыйшлося зняць з маёй машыны патрубак, памяняцца з ім і яго адпусціць. Мы засталіся чыніць дэталь, на патрубак сыйшло каля чатырох гадзін", - цытуе словы Вішнеўскага прэс-служба каманды. У выніку, калі экіпаж прыехаў на фініш, яго чакала толькі каманда.
Залік пазадарожнікаў выйграў катарац Насэр Аль-Атыя, месца на подыуме з ім падзялілі іспанец Нані Рома і француз Себасцьян Лёб. У заліку матацыклістаў перамогу святкуе аўстраліец Тобі Прайс, - "Дакар" скарыўся яму ў другі раз. Другое і трэцяе месцы - у аўстрыйца Маціяса Уокнера і брытанца Сэма Сандэрленда. У квадрацыклістаў на подыуме тры аргентынца: першы - Нікалас Кавігліаса, другі і трэці - Джэрэмайя Гансалес Ферыёлі і Густава Галега.