МІНСК, 22 сту - Sputnik. Кліенты РУП "Белпошта" змогуць бясплатна адправіць паштоўку ў любую кропку свету 23 студзеня, паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
Кожны жадаючы зможа набыць паштоўку, напісаць некалькі слоў для родных і блізкіх і адправіць пасланне абсалютна бясплатна. У Мінску зрабіць гэта можна будзе не ва ўсіх аддзяленнях сувязі, а толькі на паштамце па праспекце Незалежнасці, 10 і ў аддзяленні па праспекце Незалежнасці, 103.
Поўны спіс беларускіх аддзяленняў, якія прымаюць удзел у акцыі, можна паглядзець на сайце "Белпошты".
Арганізатары патлумачылі, што ладзяць незвычайную акцыю для таго, каб нагадаць аб унікальнасці почырку кожнага чалавека.