МІНСК, 24 сту - Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі аб'яўлены ў Беларусі на 24-25 студзеня з-за галалёдзіцы, пра гэта папярэдзілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
"Увага! У чацвер і пятніцу на асобных участках дарог Беларусі захаваецца галалёдзіца", - гаворыцца ў паведамленні сіноптыкаў.
Раней Белгідрамет паведамляў, што ў краіне чакаецца ўзмацненне маразоў. У чацвер удзень па прагнозах сіноптыкаў слупок тэрмометра пакажа ад -5 да -12°С. Уначы ў пятніцу чакаюцца маразы да -23°С, у дзённыя гадзіны будзе -5 да -12°С.
ДАІ ў сувязі з надыходам халадоў дала шэраг саветаў аўтамабілістам, як захаваць аўто ў моцныя маразы, і як не замерзнуць у дарозе ў выпадку паломкі. У прыватнасці, кіроўцам рэкамендуюць па магчымасці пазбягаць далёкіх паездак, а ўладальнікам дызельных аўто асабліва старанна правяраць тэхнічны стан свайго аўтамабіля перад кожным выездам.
Пры паездках за горад з сабой неабходна мець цёплыя рэчы, плед, гарачы чай у тэрмасе, а таксама прадметы, якія дапамогуць пры няспраўнасці аўтамабіля або пры яго захрасанні ў снезе. Таксама перад паездкай трэба цалкам зарадзіць тэлефон, каб у экстраным выпадку ў кіроўцы была магчымасць паведаміць пра яго ў ДАІ і МНС.
Пешаходам раяць выконваць ПДР і памятаць пра тое, што на слізкай дарозе аўтамабіль не заўсёды можа хутка спыніцца. Перасякаць праезную частку інспектары рэкамендуюць толькі ва ўсталяваных месцах, прычым пераканаўшыся ў тым, што ўсе машыны паспелі затармазіць.