Дата 28 студзеня стала днём памяці народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча - спевака, якога лічылі родным і блізкім чалавекам мільёны слухачоў.
Дачка народнага артыста, спявачка і прадзюсар Анастасія Ціхановіч да дня памяці любімага публікай музыканта дала інтэрв'ю радыё Sputnik Беларусь, у якім распавяла некаторыя малавядомыя факты пра свайго знакамітага бацьку.
"Ёсць штосьці самае галоўнае ў кожным з нас, тое, што мы ў пэўны момант разумеем і аддаём гэтаму свету. Напэўна, у бацькавым выпадку гэта было яго добрае, прыгожае дзіўнае сэрца... І не таму, што ён быў мой бацька. А таму, што для мяне ён быў прыкладам сапраўднай міласэрнасці, без мэты нешта атрымаць у адказ, вось такога безумоўнага прыняцця. Ён быў розны, ён мог і раззлавацца як след, але ён быў выдатны ва ўсіх сваіх праявах, успаміны пра яго заўсёды з усмешкай", - кажа Анастасія Ціхановіч.
Нават малазнаёмыя са спеваком людзі казалі аб асаблівай энергетыцы Аляксандра Ціхановіча, яго здольнасці дапамагаць людзям і пры гэтым абсалютнай сціпласці ў прызнанні ўласных заслуг.
"Ёсць людзі, якія даюць - гэта пра яго. Мы праяўляемся ў тым, як мы ставімся да іншых. Папа навучыў мяне таму, што аддаваць - гэта вельмі проста", - кажа Анастасія Ціхановіч.
Лепшай памяццю любімаму артысту, па словах яго дачкі, можа стаць магчымасць зрабіць нешта добрае для іншых. Менавіта таму да дня памяці Аляксандра Ціхановіча ў Мінску адбылася дабрачынная акцыя пад назвай "Каханне ў падарунак".
У акцыі прынялі ўдзел сотні мінчан, сярод якіх сябры і калегі музыкі. Многія выказалі ініцыятыву дапамогі праз сваю прафесійную справу. Так, дзякуючы вядомаму мінскаму рэстаратару Віталю Хвашчэўскаму ўдалося забяспечыць наведвальнікаў сацыяльнай сталовай для бяздомных 120 гарачымі абедамі.
Фрагмент гутаркі з дачкой народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча спявачкай і прадзюсарам Анастасіяй Ціхановіч слухайце на радыё Sputnik Беларусь.
Поўную версію інтэрв'ю можна паглядзець тут.
Чытайце таксама:
- Гурт Intelligency: апошнія аўтарытэты індустрыі - Мулявін і Ціхановіч
- Кіркораў пра Ціхановіча: назаўжды застанецца ў памяці нашае сяброўства