Праслухоўванне нацыянальнага адбору на міжнародны музычны конкурс "Еўрабачанне-2019" адбылося ў студыі 600 Белтэлерадыёкампаніі напярэдадні, 4 лютага. Музычны марафон доўжыўся 5 з лішнім гадзін з адным 20-хвілінным перапынкам.
Па выніках, у фінал прайшлі 10 артыстаў і музычных калектываў: Michael Soul, Ева Коган, Зена, Алёна Гарбачова, КейСі, Эмануэль Імагбе, Sebastian Roos, NAPOLI, Aura і гурт PROвакацыя.
Карэспандэнт Sputnik Яўген Казарцаў назіраў за адборам прэтэндэнтаў усе 5 з лішнім гадзін і падзяліўся сваімі назіраннямі і высновамі з вядучымі радыё Sputnik Беларусь.
"Пераможцу павінны назваць да 8 сакавіка. Паводле маёй інфармацыі, гэта будзе зроблена ўжо 1 сакавіка. Цікавы сам адбор, таму што ўсё залежыць ад таго, каго паклічуць у журы. Вядома, можна сказаць, што гэта прафесіяналы, якія так ацэньваюць. Але калі мы пасадзім у журы 5 чалавек, якім Юлія Быкава напісала песню, то зразумела, што яны ўсе ёй паставяць высокія балы. Калі мы пасадзім 5 чалавек, якія працавалі з Віктарам Дробышам і Зінай Купрыяновіч, усе яны ёй паставяць высокія балы. То бок тут ужо пытанне фарміравання журы - тое яшчэ будзе шоу і той яшчэ напал", - выказаў меркаванне Казарцаў.
На думку карэспандэнта Sputnik, моцных артыстаў у фінале нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" апынулася шмат і канкурэнцыя сярод іх вельмі вялікая.
Як раней паведамляў Sputnik, у гэтым годзе прадстаўніка Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2019" вырашана выбраць галасаваннем прафесійнага журы без удзелу гледачоў. Такое рашэнне прыняла Белтэлерадыёкампанія як арганізатар нацадбору і адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС).
Толькі адзін з абраных напярэдадні 10 фіналістаў атрымае права прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе, які пройдзе ў маі ў Тэль-Авіве (Ізраіль).
Поўную версію размовы з карэспандэнтам Sputnik Яўгенам Казарцавым слухайце на радыё Sputnik Беларусь.