МІНСК, 12 лют - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў, якія атрымалі новыя прызначэнні, сур'ёзна рыхтавацца да працы ў перадвыбарчыя гады.
Паводле яго слоў, зараз новым кіраўнікам раёнаў і памочнікам прэзідэнта трэба пачынаць цалкам вырашаць складаныя пытанні, якія падымаліся кіраўніком дзяржавы раней.
"Два гады - гады перадвыбарныя, таму трэба паказваць людзям, што мы ўмеем вырашаць праблемы. Мы будзем здаваць экзамен у цяперашнім і ў наступным годзе", - папярэдзіў Лукашэнка.
Праўда, потым беларускі лідар сказаў, што заўсёды гаворыць пра гэта напярэдадні палітычных кампаній. Таму не трэба баяцца чыноўнікам будучых экзаменаў, а сур'ёзна рыхтавацца.
"І паказваць людзям сваю магчымасць кіраваць дзяржавай", - заклікаў беларускі лідар.
На яго думку, цяпер "нас палохаюць рознымі пагрозамі. Але заўсёды галоўная фундаментальная праблема ў любой дзяржаве - гэта эканоміка".
Таму, як лічыць Лукашэнка, калі становішча эканомікі будзе добрым, то ўсё будзе добра і ў беларускіх сем'ях, і іх дамах.
Зараз беларуская эканоміка з'яўляецца самым важным пытаннем, над якім будуць працаваць і памочнікі кіраўніка дзяржавы, і кіраўнікі райвыканкамаў. Прычым у сацыяльнай сферы ў краіне ўжо зроблена нямала.
"Трэба працягнуць у гэтым кірунку, пачынаючы ад аграгарадкоў і заканчваючы горадам-героем Мінскам. Усім задачы пастаўлены прэзідэнтам, расказана, дзе, што будаваць і як добраўпарадкоўваць вуліцы, дзе пасадзіць якое дрэва", - цытуе прэзідэнта БелТА.