МІНСК, 16 лют - Sputnik. Аўстрыя стала першай краінай, якая скарысталася прапановай Беларусі пабудаваць нацыянальныя помнікі ў памяць пра ахвяраў у мемарыяльным комплексе Трасцянец, паведамілі ў прэс-службе аўстрыйскай дыпмісіі.
Плануецца, што 22 лютага адбудзецца сімпозіум з удзелам скульптараў. У сценах Беларускай акадэміі мастацтваў майстры раскажуць, як працавалі над новым помнікам для мемарыяльнага комплексу.
"У ходзе сумеснай працы абодва бакі шмат чаму навучыліся адзін у аднаго і даведаліся адзін пра аднаго. Пры вырабе мемарыяльнай кампазіцыі былі знойдзеныя інавацыйныя рашэнні адносна матэрыялаў, каб адпавядаць канцэпцыі і рэальным умовам, якія дазволяць помніку захаваць знешні выгляд ва ўмовах беларускага клімату", - зазначыла пасол Аўстрыі ў Беларусі Алойзія Вергетэр.
У прэс-службе пасольства растлумачылі, што перад сімпозіумам з беларускімі дзеячамі мастацтваў стаіць мэта задакументаваць ідэі і рашэнні, якія былі знойдзены падчас работы над помнікам, паколькі яны маюць гістарычнае і мастацкае значэнне.
"Манумент збудаваны ў памяць пра больш чым 10 000 аўстрыйскіх яўрэяў, якія загінулі ў лагеры смерці побач з вёскай Малы Трасцянец, і з'яўляецца вынікам унікальнага двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне мастацтва паміж Аўстрыяй і Беларуссю", - гаворыцца ў паведамленні.
Мемарыял у Трасцянцы адкрылі 29 чэрвеня 2018 года пры ўдзеле лідараў Беларусі, Аўстрыі і Германіі. Аляксандр Лукашэнка, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Аляксандр Ван дэр Бэлен прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве.
Адкрыццё атрымалася па-сапраўднаму прадстаўнічым. На мемарыяльнай акцыі прысутнічаў і экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр - у 1942-м у Трасцянец вывезлі сваякоў яго жонкі. З пасланнямі ад кіраўнікоў сваіх краін выступілі высокія чыноўнікі з Польшчы і Чэхіі.
У студзені гэтага года міністр па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыйскай Рэспублікі Карын Кнайсль падчас візіту ў Мінск заявіла, што нашу краіну вясной ці летам наведае з візітам канцлер Себасцьян Курц.
Федэральны канцлер прыедзе ў Беларусь як раз для таго, каб урачыста адкрыць новы помнік у мемарыяльным комплексе Трасцянец.
Чытайце таксама:
- Лукашэнка заклікае не дапусціць адраджэння страшнага мінулага
- Мемарыял у Трасцянцы адкрылі, але яго яшчэ будуць дапрацоўваць
- Белыя плямы страшнай трагедыі: што важна ведаць пра гісторыю Мінскага гета