МІНСК, 17 лют - Sputnik. Вядомая беларуская бягуха Вольга Мазуронак стала лепшай на марафоне Standard Chartered Hong Kong Marathon 2019 у Ганконгу, спартсменка прабегла дыстанцыю з новым рэкордам трасы - 2 гадзіны 26 хвілін 13 секунд.
Беларуска апярэдзіла бліжэйшую праследавацельніцу Еунсі Кебічы Чумбу з Бахрэйна на 3 хвіліны і 28 секунд, а таксама эфіёпку Джэмілу Вортэсу Шур (+5.53).
Папярэдні рэкорд трасы быў усталяваны у 2018 годзе бягухай Гулуме Толеса з Эфіопіі (2:29:37). Да Мазуронак перамагчы на марафоне ў Ганконгу еўрапейскім спартсменкам даводзілася ў далёкім 2004 годзе: тады лепшай стала нарвежская бягуха Гіттэ Карлсшой.
Для беларускі марафон у Ганконгу стаў першым стартам пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне.
"Упэўнена, што калі б я бегла па іншай трасе, то змагла б усталяваць свой асабісты рэкорд. Я абрала менавіта гэты марафон для таго, каб добра падрыхтавацца да чэмпіянату свету ў Катары. Вельмі хачу, думаю, што так і будзе, каб пік маёй формы падышоў менавіта да Дохі. Лічу, што мой сённяшні вынік і на такім маршруце досыць добры", - цытуе Мазуронак сайт БФЛА.
У той жа час яна прызналася, што траса ў Ганконгу была вельмі складанай: на працягу ўсіх 42 кіламетраў прыходзілася бегчы то ўверх у гару, то ўніз з яе. Акрамя таго, падчас бегу спартсменкам перашкаджаў пастаянны вецер і барацьба з ім.