МІНСК, 19 лют - Sputnik. Шматразовыя алімпійскія чэмпіёны Дар'я Домрачава і Уле Эйнар Б'ёрндален выйгралі срэбра ў змешанай эстафеце на "Гонцы легенд" у Раўбічах, паведамляе Sputnik.
Біятлонная "Гонка легенд" дала старт чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў Раўбічах з 20 па 24 лютага. У рамках спаборніцтваў біятланістаў "на пенсіі" адбыліся тры гонкі: жаночы і мужчынскі мас-старты, змешаная эстафета.
У гонцы з масавым стартам у жанчын не было роўных беларусцы Надзеі Скардзіна. Другой да фінішу прыйшла расіянка Ганна Багалій, а немка Сымона Хаўсвальд узяла бронзу. Дар'я Домрачава, якая зусім нядаўна хварэла, на старт не выйшла.
У мужчын у гэтай дысцыпліне перамогу святкаваў украінец Андрэй Дзярызямля, другім стаў нарвежац Уле Эйнар Б'ёрндален, трэцяе месца ў беларуса Сяргея Новікава.
У змешанай эстафеце мацнейшымі сталі Скардзіна і Новікаў, срэбра ў Домрачавай і Б'ёрндалена, бронзу заваявалі расіянка Ганна Багалій і нарвежац Фрудэ Андрэсан.
"Гэта супер, я не ўяўляла, што будзе так выдатна для мяне. Я вельмі рада, што мая кар'ера заканчваецца тут, у Раўбічах, тым больш перамогай. Гэта будуць для мяне самыя лепшыя ўспаміны. Такія праводзіны будуць для мяне такімі ж значнымі, як і перамогі", - сказала Скардзіна ў эфіры тэлеканала "Беларусь 5".
Пасля "Гонкі легенд" прайшла ўрачыстая цырымонія провадаў Домрачавай і Скардзіна з вялікага спорту.