Дзед як дзіця, хаця... 84 гады са дня нараджэння Рыгора Барадуліна

© Sputnik / Евгений Коктыш / Перайсці ў медыябанкРыгор Барадулiн
Рыгор Барадулiн - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сёння нарадзіўся народны паэт Беларусі і аўтар метафарычных вершаў на дзіўна па сваей прыгажосці мове. Карэспандэнт Sputnik Вера Дашкевіч узгадвае яго жыццёвы і творчы шлях.
Мова — гэта ад маці, прызнаваўся паэт. І дадаваў: яна была для яго самым значным філолагам. Усё жыццё ен арыентаваўся не на слоўнікі і граматыку, але на яе вымаўленне і лексіку. Найбольш глыбокія думкі нараджаліся і афармляліся, складаліся ў радкі толькі на вушацкай гаворцы.
Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ў Вушачах, затым філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выдавецтвах і шмат пісаў — выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Шмат перакладаў. Дзякуючы Барадуліну, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігаравы", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Есеніна, Амара Хаяма.
У часы Савецкага Саюза ён так і не ўступіў у партыю. І з піянераў у свой час таксама збег — у літаральным сэнсе: уцек са школы падчас запісу ў арганізацыю. Затое напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя стаў актыўным удзельнікам нацыянальнага руху, быў членам БНФ. У сярэдзіне 1990-х у палітыцы расчараваўся, але да канца жыцця прытрымліваўся антыкамуністычных поглядаў.
Барадулін быў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра, некалькі гадоў у сярэдзіне 1990-х узначальваў Фонд Сораса.

Блізка да Бога

Рыгор Барадулін пайшоў з жыцця 2 сакавіка 2014, у даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!" Пахавалі Барадуліна ў родных Вушачах побач з маці.
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін
Барадулін адчуваў, што сыходзіць. У адным з апошніх інтэрв'ю са сваім біёграфам, журналістам Сяргеем Шапранам, казаў, што хацеў бы пабачыцца з Быкавым, Караткевічам, Купалай і Багдановічам. З Быкавым проста памаўчаў бы, а потым распавеў, як няўтульна на зямлі без яго, з Караткевічам выпіў бы чарку, падзякаваў бы Бога за Купалу — чалавека, які ўмацаваў нацыянальны дух, і за тое, што Багдановіч не дажыў да рэвалюцыі і не напісаў нічога савецкага.

Філасофія, іронія і мова

Барадулін пісаў у розных жанрах, але заўседы вельмі яскрава і метафарычна. Заўжды з аглядкай на народную традыцыю, з якой быў побач з дзяцінства. Часам разважаў — зборнік духоўнай паэзіі "Ксты" быў прадстаўлены на суісканне Нобелеўскай прэміі. Часам вельмі хвостка і паэтычна жартаваў. У аднайменнай кнізе сабраў "Дуліны ад Барадуліна". Дасталася ўсім — ад савецкіх класікаў Твардоўскага і Крапівы да сучасных зорак:
Не, Лучанок не знаў ляноты,
Усё, што мог, паклаў на ноты.
Адзін заняў пасады ўсе
І бранзавее пакрысе.
Адной з самых балючых тэм у апошнія гады для яго заставалася моўная праблема. Ужо лепей бы забаранілі, прызнаваўся паэт у адным з інтэрв'ю. Можа, на хвалі пратэсту пачалося б адраджэнне.
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін
Калі мая трывога спала,
Калі калоссе налілося
Тугой?
Сказаць я не бяруся.
Як нарадзіцца не прыпала,
Хаця б памерці давялося
У беларускай Беларусі…
 
Стужка навiн
0