МІНСК, 24 лют - Sputnik. Патройнае сальта з чатырма піруэтамі ў суперфінале выканаў Антон Кушнір і набраў 118,10 бала. Гэта забяспечыла яму другое месца на подыуме ў Раўбічах, дзе ўчора прайшоў этап Кубка свету па фрыстайле.
Пасля кваліфікацыі Кушнір быў першым, у суперфінал выйшаў чацвёртым.
Першым стаў расіянін Максім Бураў, які набраў 120,36 бала. На трэцім месцы з вынікам у 99,12 бала расіянін Станіслаў Нікіцін.
У фрыстайле асобна ацэньваецца тэхніка адрыву, вышыня і даўжыня палёту, форма выканання скачка і прызямленне. Прызямленне Бурава набрала больш балаў, чым у Кушніра. Абодва спартсмены выконвалі ідэнтычныя элементы.
Сёння ў Раўбічах упершыню ў гісторыі фрыстайла і лыжнай акрабатыкі пройдуць спаборніцтвы па сінхронных скачках. Гледачы змогуць убачыць выступ і беларускіх фрыстайлістак, якія ўчора не выйшлі ў фінал. Кушнір, паводле папярэдніх планаў, выступіць у пары з Дзмітрыем Мазуркевічам, калі ён адновіцца пасля падзення. Скачкі будуць здзяйсняць з трампліна вышынёй у 3,6 метра.