МІНСК, 26 лют – Sputnik. Альбом "Гравітацыя", які ўбачыў свет на пачатку лютага, распавядае пра ўсе асноўныя стадыі жыцця чалавека ад нараджэння да смерці.
"Лепшыя на свеце" – адна з найбольш аптымістычных песень альбома, бо яна пра каханне. Такое яскравае і светлае, быццам ляціш над зямлей. "Човен", наадварот – сумная развітальная песня героя, які сканчае існаванне на гэтым беразе і рыхтуецца да пераходу на іншы", – распавядае Лявон Вольскі.
Рэжысёрамі новых кліпаў сталі Арцём Лобач ("Лепшыя на свеце") і Елізавета Ганчарова ("Човен").
"Мне падабаецца, што абодва рэжысёры падыйшлі да відэа вельмі творча і знайшлі ў песнях шмат дадатковых сэнсаў. У Арцёма Лобача атрымаўся сюрэалістычны дэтэктыў з рарытэтнымі кадрамі старога Мінска, а Елізавета Ганчарова сама намалявала цэлы новы сусвет", - кажа музыка.
Прэзентація альбома адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. Гэта будзе першая прэзентацыя новага альбома Лявона Вольскага ў Мінску амаль за 10 гадоў, з часоў "Белай яблыні грому". Песні з новага альбому можна будзе пачуць у першым аддзяленні, у другім Лявон Вольскі выканае лепшыя песні са сваіх сольных альбомаў і розных гуртоў з яго удзелам. Квіткі коштам ад 40 рублёў можна набыць у сеціве, а таксама ў касах горада.