МІНСК, 27 лют - Sputnik. Зборная клубаў Экстралігі абыграла мінскае "Дынама" ў першым матчы серыі да дзвюх перамог, паведамляе Sputnik.
Паядынак адбыўся на лёдзе "Мінск-Арэны" ў аўторак і завяршыўся з лікам 4:2 (1:0, 2:2, 1:0) на карысць зборнай Экстралігі. У складзе пераможцаў адзначыліся Арцём Кіслы (20-я хвіліна), Міхаіл Стэфановіч (21), Андрэй Антонаў (37) і Аляксандр Маляўка (60). За гаспадароў адзначыліся Дзмітрый Знахаранка (26) і Яўген Лісавец (31).
У заключным перыядзе арбітры, якія спецыяльна былі запрошаныя з КХЛ, не залічылі шайбу ў вароты зборнай, якія абараняў Ігар Брыкун.
Пасля фінальнай сірэны Алег Явенка і Ягор Гайнетдзінаў зладзілі невялікую бойку, да якой далучыўся і Брыкун. Суддзям удалося разняць "баксёраў".
"Вядома, гэты матч быў сур'ёзным для нас. Каманда рыхтавалася два дні, згуртавалася, і сёння хакеісты праявілі эмоцыі, характар і жаданне. Добрая гульня і перамога", - падвёў вынік супрацьстаяння трэнер зборнай Аляксей Калюжны ў эфіры "Беларусь 5".
Паводле яго слоў, наступны матч супраць мінчан будзе складаным.
Другі матч серыі да дзвюх перамог адбудзецца 28 лютага на "Чыжоўка-Арэне".
Зборная Экстралігі ў асноўным складзена з хакеістаў мінскага "Юнацтва", таксама ў камандзе прадстаўленыя гульцы "Нёмана", "Шахцёра" і "Гомеля". Узначальвае дружыну Міхаіл Захараў. Зборная падышла да матчу ў поўнай баявой гатоўнасці, а вось у "зуброў" былі відавочныя праблемы са складам - да гульні рыхтаваліся ўсяго 13 хакеістаў.
Анансуючы паядынак, Федэрацыя хакея Беларусі заявіла, што "вынік будзе мець вялікае значэнне".
Нагадаем, "зубры" не змаглі выйсці ў плэй-оф Кубка Гагарына, заняўшы з 42 ачкамі 11-е месца на Захадзе. Другі сезон запар у мінчан не атрымліваецца прабіцца ў накаўт-раўнд.