МІНСК, 3 сак - Sputnik. Футбольны клуб "Дынама-Брэст" выйграў Суперкубак Беларусі па футболе, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
Стадыён футбольнага клуба "Мінск" другі раз запар прымаў матч за Суперкубак, і другі раз запар за трафей біліся Барысаўскі БАТЭ і Брэсцкае "Дынама". Гульня завяршылася перамогай берасцейцаў з лікам 3:1 (1:0, 2:1). У складзе "дынамаўцаў" адзначыліся Дзяніс Лапцеў (40-я хвіліна), Павел Савіцкі (80), яшчэ адзін гол забіў у свае вароты гулец "жоўта-сініх" Аляксандр Філіповіч (74). У БАТЭ з пенальці вызначыўся Мукам (49).
Дарэчы, гульня мела шмат парушэнняў правілаў як з боку БАТЭ, так і з боку "Дынама-Брэст" - на дваіх каманды атрымалі дзесяць "гарчычнікаў".
За паядынкам з трыбун назіраў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, які таксама ўзначальвае Беларускую федэрацыю футбола.
Берасцейцы другі год запар бяруць Суперкубак. Нагадаем, у мінулым годзе яны ўзялі трафей, таксама абыграўшы БАТЭ (2:1).
Барысаўскі клуб сем разоў заваёўваў Суперкубак.